Украіна. Палітычныя нябожчыкі вяртаюцца
Экс-прэм’ер Украіны, адзін з лідараў Майдану–2014 Арсень Яцанюк хоча вярнуцца ў вялікую палітыку і заняць высокую пасаду, напрыклад, кіраўніка Нацбанка.
Падобнае вяртанне выглядае на цуд, паколькі на момант адстаўкі яго кабінета ў 2016 годзе Яцанюка ненавідзелі 84 працэнты ўкраінцаў. Яго імя асацыявалася з абвалам грыўні ў 2014-м (з 9,5 грыўні за адзін долар да 25 грыўняў) і падзеннем узроўню сярэдняй заработнай платы да 150–200 долараў.
Відавочна не на карысць Яцанюка і той факт, што менавіта падчас прэм’ерства ён стаў доларавым мільярдэрам. Аднак, нібыта, Уладзімір Зяленскі гатовы забыцца на ўсё гэта з-за страшнага кадравага голаду. Адсутнасць прафесіяналаў на кіруючых пасадах рыкашэтам б’е па яго папулярнасці.
Сапраўды, Яцанюк пачаў раптам свяціцца на папулярных шоу, а гэта можна расцаніць як інфармацыйную падрыхтоўку да прызначэння.
Цікава, што чуткі наконт вяртання Яцанюка цыркулююць адначасова з байкамі пра рэабілітацыю Віктара Януковіча. Яго людзі раптам апынуліся шырока прадстаўленыя ў новым кабміне Дзяніса Шмыгаля, які прыйшоў на змену ўраду Аляксея Ганчарука. Фрагментам рэабілітацыі Януковіча ў грамадскай свядомасці можа быць байка, пра якую згадалі некаторыя медыя. Згодна з ёй, Віктар Фёдаравіч... унук Брэжнева!