Украіна. Рада адмовілася павышаць зарплаты дэпутатам
Вярхоўная Рада адмяніла ўласнае рашэнне аб павелічэнні заробкаў дэпутатам. Пастанову аб скарачэнні заробкаў падтрымалі 264 народных дэпутата.

Сесійная зала Вярхоўнай Рады. Фота Корреспондент.net
Вярхоўная Рада Украіны ў аўторак, 1 лістапада, прыняла пастанову №5323, якая адмяняе раней прынятае рашэнне аб павелічэнні заработнай платы народным дэпутатам
Гэтае рашэнне падтрымалі 264 народных дэпутата. Згодна з праектам, было прапанавана выключыць з пастановы пункты 3 і 4, якія датычацца пытанняў аплаты працы дэпутатаў.
Спікер Рады Андрэй Парубій, каментуючы выключэнне з раней прынятай пастановы пунктаў пра заробкі дэпутатаў, сказаў, што, па рэкамендацыі еўрапейскіх экспертаў, усталёўваць формулу аплаты працы дэпутатаў павінен незалежны орган, а не самі народныя абраннікі, перадае gordonua.com.
Нагадаем, 20 кастрычніка Вярхоўная Рада ў праекце дзяржбюджэту–2017, што быў прыняты ў першым чытанні, амаль удвая павялічыла службовыя аклады народных дэпутатаў. Такім чынам, з 1 лістапада службовы аклад спікера парламента павінен быў павялічыцца да 30 мінімальных заробкаў (43 500 грн), яго першага намесніка і намесніка — да 28 мінімальных заробкаў (40 600 грн), дэпутатаў — да 25 мінімальных заробкаў (36 250 грн).
Прэм'ер Уладзімір Гройсман заявіў, што падвышэнне заробкаў дэпутатам было несвоечасовым, паведамляе Корреспондент.net.
31 кастрычніка ў Вярхоўнай Радзе быў зарэгістраваны праект аб адмене павышэння заробкаў дэпутатаў.