Вярхоўная Рада падтрымала прадастаўленне грамадзянства замежнікам, якія ваявалі на Данбасе
Украінскі парламент у першым чытанні падтрымаў законапраект аб прадастаўленні грамадзянства іншаземцам, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе на баку Украіны.
За закон "Аб унясенні змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Украіны (адносна прававога статусу замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія прымалі ўдзел у абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны)" прагаласавалі 252 дэпутата. 89 чалавек не галасавалі.
Праект закона прадугледжвае спрашчэнне працэдуры прадастаўлення грамадзянства асобам, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, знаходзячыся ў краіне на законных падставах, мараторый на выдачу ветэранаў расійска-украінскай вайны замежным дзяржавам (у прыватнасці РФ) і міграцыйную амністыю.
Падчас паседжання пад сценамі парламента сабраліся прадстаўнікі "Нацыянальнага корпуса", каб выступіць за прыняцце гэтага закона. Яны падкрэсліваюць, што гэтае пытанне разглядаецца з 2014 года, аднак ніякіх зрухаў не адбылося.
"Нацыянальны корпус" ужо збіраўся пад Вярхоўнай Радай 20 верасня, у дзень выступлення прэзідэнта Пятра Парашэнкі перад дэпутатамі. Тады яны таксама патрабавалі прыняцця гэтага закона, а таксама абурыліся тым, што Парашэнка не згадаў аб замежных добраахвотніках.
У падтрымку законапраекта ўдзельнікі акцыі запалілі фаера. Пасля таго, як Рада падтрымала ў першым чытанні закон, акцыя завяршылася.