Забойства Шарамета: Украіна просіць 4 краіны праверыць версію аб беларускім следзе
Украінскае следства ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета просіць іншыя краіны праверыць версію аб беларускім следзе. У прыватнасці, запыты разаслалі чатыром краінам.
![Павел Шарамет. Фота: ms.detector.media Павел Шарамет. Фота: ms.detector.media](/img/v1/images/articleimage_25100.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Павел Шарамет. Фота: ms.detector.media
Пра гэта ў інтэрв'ю censor.net распавёў намеснік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Максім Цуцкірыдзе.
Паводле яго слоў, беларускі след застаецца адной з версій забойства Шарамета з улікам яго крытычных выказванняў у дачыненні да дзейнага рэжыму.
"Цяпер міжнародныя даручэнні накіраваныя ў Рэспубліку Беларусь, Літву, Злучаныя Штаты Амерыкі, Расійскую Федэрацыю. Чакаем іх выканання, каб пацвердзіць або абвергнуць версію пра магчымы беларускі след у справе Шарамета", — адзначыў Цуцкірыдзе.
Нагадаем, Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. На сёння ў справе фігуруюць тры чалавекі — музыкант і былы вайсковец Андрэй Антоненка, медык Юлія Кузьменка і валанцёр Яна Дугар. Усе яны ўжо знаходзяцца не пад вартай.
Чуткі пра беларускі след актывізаваліся, калі былы афіцэр Ігар Макар апублікаваў запіс размоў КДБ Беларусі пра варыянты ліквідацыі Шарамета.
rbc.ua