Замежныя СМІ пра Беларусь: 20–27 сакавіка
Украінскі крызіс фактычна рэзка прытармазіў фарміраванне Еўразійскага саюза. Па-першае, таму, што такі эфектыўны альянс у прынцыпе немагчымы без удзелу Украіны. А па-другое, «крымскі сіндром» ужо напалохаў эліты і Казахстана, і Беларусі. Ні Назарбаеў, ні Лукашэнка, фармальна найбольш блізкія да Масквы партнёры і саюзнікі, не апладзіравалі сцэне паглынання Крыма Расіяй. «Wordyou» (Расія)
Расійская анексія Крыму можа мець і іншыя наступствы для Беларусі. Каб утрымаць Крым, Расіі давядзецца рабіць значныя інвестыцыі ў яго транспартную, газавую і іншыя інфраструктуры. Грошы, якія выкарыстоўваюцца для інвестыцый у гэтыя галіны, не будуць даступныя для далейшых беларускіх субсідый. Не дзіўна, што Лукашэнка ў апошнія тыдні відавочна стараўся быць далей ад Пуціна. Беларусь пачала намякаць на тое, што хоча палепшыць адносіны з ЕС, пагадзіўшыся ў лютым удзельнічаць у візавых перамовах з Бруселем. Але якія-небудзь зрухі ў бок ЕС будуць праходзіць паступова. Лукашэнка — па-ранейшаму дыктатар, у якога мала цікавасці адпавядаць еўрапейскім дэмакратычным стандартам. Цяпер Лукашэнка знаходзіцца ў расійскім лагеры і прыкідвае шляхі адыходу. Пакуль што ён не накіроўваецца да дзвярэй на выхад, але толькі пакуль. Аднак пасля агрэсіўнага захопу Пуціным Крыма Лукашэнка пачаў больш трывожна паглядаць у бок выхаду.
«Foreign Affaires» (ЗША)
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мог бы выступіць у ролі пасярэдніка для ўрэгулявання адносін паміж Украінай і Расіяй. Лукашэнка быў бы найбольш адэкватным у ролі пасярэдніка. Ён зможа справіцца нашмат лепш, чым дзясяткі еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў. Лукашэнка ў прынцыпе спрабаваў досыць прагматычна падысці да сітуацыі, якая склалася... Ён разумее, што Украіна з'яўляецца важным эканамічным партнёрам, і Беларусь сёння не можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з Украінай. Акрамя таго кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка з'яўляецца «асабістым блізкім сябрам Лукашэнкі», і яны падтрымліваюць кантакты ўжо шмат гадоў.
«Вести» (Украіна)
Ад эканамічных праблем ніхто не застрахаваны. Акрамя таго, у 2015 годзе, зусім хутка, адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары. Лукашэнка на іх, хутчэй за ўсё, не пойдзе: усё ж пяты тэрмін —
гэта зашмат. Адзінай прымальнай кандыдатурай пакуль што бачыцца экс-кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, цяперашні міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Аднак пакуль у таго няма неабходнай
грамадскай падтрымкі, падтрымкі ўнутры палітычных і сілавой элітаў у краіне. Цалкам верагодна, што пры развіцці радыкальнага сцэнару, у пераходны перыяд паміж перадачай улады ад Лукашэнкі да
пераемніка, апазіцыя паспрабуе зрабіць спробу дзяржаўнага перавароту. Так, беларускі спецназ мацней і больш ідэалагічна вытрыманы, чым «Беркут». Так, у Беларусі няма сваёй Галіцыі,
дзе пераважаюць кардынальна іншыя настроі, чым у астатняй частцы краіны. Так, Лукашэнка і Януковіч — гэта неба і зямля. Але ніхто не ведае, што будзе ўжо заўтра.
«Глагол» (Расія)
Па нашых апошніх дадзеных, па перыметры ўкраінскіх межаў знаходзяцца 83 тысячы чалавек усіх расійскіх груповак. Беларускую групоўку лічым малаверагоднай. Лукашэнка не пярэчыць Крамлю, але па шэрагу
іншых фактараў відаць, што ён далёка не вітае ўварванне рускіх ва Украіну. Апошнія два тыдні СМІ Беларусі, якія знаходзяцца пад поўнай цэнзурай, пачынаюць даволі жорстка крытыкаваць расіян і
паказваць, што беларусы выступаюць за адзіную суверэнную Украіну.
«Ракурс» (Украіна)
І яшчэ адзін дадатковы штрых. Пасля Расіі я прыехаў на дзень у Беларусь. Глядзеў мясцовыя навіны. Дык вось: пра далучэнне Крыма — ні слова. Ні слова! Нельга, вядома, казаць, што Бацька баіцца: вось цяпер пад шумок і яго далучаць. Ён за незалежнасць Беларусі ўсё дзесяць мільёнаў пакладзе — вокам не міргне. Адна справа — сам сабе прэзідэнт, іншае — быць губернатарам у Пуціна. Вядома, Беларусь не далучаць. Але Бацька не хоча, каб нават думка пра гэта з'явілася ў галовах беларусаў. Трындзець пра саюз — гэта адно. А аб'ядноўвацца на справе — іншае. Так што яшчэ аднаго заўзятага нацыяналіста, толькі ўжо ў асобе Лукашэнкі, Расія атрымала.
9tv.co.il ( Ізраіль )