64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету
Лілія Яноўская скарыла вышыню 8167 метраў, стаўшы ў свае 64 гады найстарэйшай жанчынай у свеце, якая здзейсніла такое ўзыходжанне. Дхаўлагіры — сёмая па вышыні гара ў свеце.
![Лілія Яноўская на Дхаўлагіры, 30 верасня. Фота: liliya.ianovskaia.mountaineer / Facebook Лілія Яноўская на Дхаўлагіры, 30 верасня. Фота: liliya.ianovskaia.mountaineer / Facebook](/img/v1/images/1_g6vbq.jpg.jfif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лілія Яноўская на Дхаўлагіры, 30 верасня. Фота: liliya.ianovskaia.mountaineer / Facebook
На гімалайскай вершыні Дхаўлагіры яны традыцыйна ўзняла бел-чырвона-белы сцяг.
«Цяжка паверыць, што мы скарылі гэтую дзіўную гару. Дхаўлагіры — сёмая па вышыні гара ў свеце. Пакуль гэта была адна з маіх найлепшых экспедыцый», — напісала альпіністка ў фэйсбуку.
Летась жанчына разам з дачкой узняла нацыянальны сцяг на найвышэйшую кропку свету — пік Эверэст.
Лілія Яноўская — з Мінска. Разам з сямʼёй напрыканцы 1990-х пераехала ў Канаду. Цяпер жыве ў Таронта. Па адукацыі яна матэматык і эканаміст. Больш за 20 гадоў працавала «ў прыватным бізнесе па паркетнай вытворчасці». Тры гады таму жанчына вырашыла змяніць сваё жыццё і прысвяціць асноўны час таму, што горача любіць, — альпінізму і скалалажанню.
Усяго ў свеце 14 гор, вышэйшых за 8000 метраў.
Паводле «Наша Ніва»