Абсалютбанк — усё. Нацбанк адклікаў у яго ліцэнзію на банкаўскую дзейнасць

Нацбанк Беларусі прыняў рашэнне аб адкліканні ў Абсалютбанка ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, паведаміла прэс-служба рэгулятара.

banki_partnery_absolyutbanka_1920_1.jpg


Рашэнне прынята ў сувязі са змяненнем юрыдычнага статусу банка на нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю, якая будзе называцца ЗАТ «”ОптиКурс” НКФА».

Як фінкампанія, былы Абсалютбанк не зможа ажыццяўляць шэраг банкаўскіх аперацый: прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб на рахункі і ва ўклады (дэпазіты); размяшчэнне прыцягнутых грашовых сродкаў фізічных і юрыдычных асоб на рахункі і ва ўклады (дэпазіты) ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасці, платнасці і тэрміновасці; адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў фізічных асоб; выпуск у абарачэнне (эмісія) банкаўскіх плацежных картак; выдача каштоўных папер, якія пацвярджаюць прыцягненне грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты) і размяшчэнне іх на рахункі.

Па стане на 5 ліпеня 2022 г. у Абсалютбанку «адсутнічаюць размешчаныя ва ўклады (дэпазіты) сродкі фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў», паведаміў Нацбанк РБ.

Абсалютбанк улетку 2021 года трапіў пад санкцыі ЗША. Ён быў вымушаны спыніць пераводы грашовых сродкаў (у тым ліку без адкрыцця рахунку) у замежнай валюце, выдачу і абслугоўванне банкаўскіх плацежных картак міжнароднай плацежнай сістэмы «VISA», адпраўку і выдачу пераводаў у міжнароднай сістэме «Western Union».

З красавіка па кастрычнік 2021 года кліенты вынеслі з Абсалютбанка ⅔ сваіх сродкаў.