Алег Трусаў: Быць гнуткім і не здрадзіць прынцыпам

Сёння 65 год адзначае Алег Трусаў — археолаг, гісторык архітэктуры, былы дэпутат Вярхоўнага Савету, які на працягу многіх гадоў узначальваў Таварыства беларускай мовы, а цяпер выконвае абавязкі рэктара будучага ўніверсітэта імя Гілевіча.

aleh_trusau_833x400.jpg


Першы раз яму прапанавалі стаць сябрам КПСС яшчэ ва універсітэце. Падчас працы ў Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрнях Мінкульта БССР (СНРПМ МК БССР) стаць камуністам Трусаву прапанаваў Зянон Пазьняк і аргументаваў гэта так: «Ты павінен уступіць у КПСС і ўзначаліць там абарону Верхняга горада». Было гэта ў 1979 годзе.

Мсціслаўскія карані


Алег Анатольевіч Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў Мсціславе. Калісьці гэта была сталіца адпаведнага княства, якое з часам ператварылася ў ваяводства.
Не аднойчы даводзілася чуць пра рускае паходжанне Трусава. Маўляў, Таварыства беларускай мовы ўзначальвае этнічны рускі. Сапраўды, бацька Алега Анатольевіча — з памораў, нарадзіўся на мяжы Валагодскай і Архангельскай абласцей. А маці са шляхецкага роду Драздоўскіх і Мяжэвічаў. Аднак, паколькі яна нарадзілася на Урале, дзе тады працаваў дзед Трусава, ёй у пашпарце напісалі — руская.
Так што Алег Трусаў не толькі этнічны беларус, але і нашчадак беларускай шляхты. Тым больш, што сам ён, хоць і паездзіў па свету, але доўга за межамі Беларусі ніколі не жыў.
Так атрымалася, што бацькі Трусава разышліся рана. Яму было толькі чатыры з паловай гады, калі хлопчык застаўся ў Мсціславе, на выхаванні ў бабулі і прабабулі. Бацька вярнуўся на Валагодчыну. Больш сын яго ніколі не бачыў і толькі нядаўна даведаўся, што той ужо памёр. Маці з’ехала ў Кобрын, сустракаўся з ёй Алег усяго раз на год.
Прабабуля (1882 года нараджэння) выхоўвала хлопчыка, скажам так, у «дабальшавіцкім духу». Пражыла роўна сто гадоў. Дзякуючы такому выхаванню Алег Трусаў яшчэ ў маленстве вывучыў мсціслаўскі дыялект беларускай мовы і, калі зараз адкрывае слоўнік Насовіча, чытае ў ім словы свайго дзяцінства.
У 1961 годзе Алег Трусаў пайшоў у пабудаваную яго дзедам яшчэ ў 1908 годзе школу (былую гімназію), потым беларускі педтэхнікум, дзе вучыўся Аркадзь Куляшоў і родная бабуля Ганна. На жаль, зараз, нягледзячы на пратэсты, школа гэта ўжо цалкам пераведзена на рускую мову.
Па заканчэнні з залатым медалём школы, Алег у 1971 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ, маючы перад сабой цвёрда вызначаную мэту — стаць археолагам. Пра гэта ён марыў яшчэ ад першага класа, калі яму ўпершыню давялося трапіць на раскопкі. Як быццам бы спецыяльна пад яго мару ў 1973 годзе ў БДУ адкрылі кафедру археалогіі. Трусаў быў яе першым выпускніком у 1976 годзе. Размеркаванне атрымаў у СНРПМ МК БССР, дзе ў 1980 годзе стаў загадчыкам археалагічнага аддзела і прапрацаваў там да 1994-га.
Паралельна Алег вучыўся ў завочнай аспірантуры інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Археалагічнае вывучэнне помнікаў манументальнага дойлідства XI–XVII стст. на тэрыторыі Беларусі (метадычныя даследаванні)».

Алег Трусаў на раскопках Рагачоўскага замчышча ў Гомельскай вобласці (лета 1973 г.).

Алег Трусаў на раскопках Рагачоўскага замчышча ў Гомельскай вобласці (лета 1973 г.).



У публічную палітыку


Палітыкай Алег Трусаў пачаў займацца з 1988 года дзякуючы Міхасю Ткачову. Атрымалася гэта так. Напярэдадні камандзіроўкі 19 кастрычніка шпацыраваў міма Чырвонага касцёла (тады «Дом кіно») на вакзал, каб купіць білет. Выпадкова сустрэў Ткачова, які прапанаваў зайсці ў гэты будынак. Маўляў, там будзе шмат чаго цікавага, а білет яны купяць пазней. Так Трусаў трапіў у аргкамітэт па стварэнню БНФ, а праз два гады вылучыўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Перамог. Стаў намеснікам старшыні камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. І быў сярод тых дэпутатаў, хто абвясцілі галадоўку пратэсту ў залі пасяджэнняў ВС.

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў красавіку 1995 года

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў красавіку 1995 года

У сакавіку 1991 года была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, старшынёй якой абралі Міхася Ткачова, а намеснікам — Алега Трусава. Праз год, пасля заўчаснай смерці Ткачова, Алег Анатольевіч стане на чале партыі і будзе кіраваць ёй да лета 1995 года.
Паралельна з партыямі на хвалі перабудовы пачалі фарміравацца і грамадскія арганізацыі. Ці не першай з іх, 28 верасня 1989 года, было афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай мовы (ТБМ), створанае па ініцыятыве выбітнага паэта і грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча, які і быў абраны яе першым старшынёй. Алег Трусаў сфарміраваў тады суполку ТБМ у Савецкім раёне, якой і кіраваў да красавіка 1997 года, да моманту абрання яго намеснікам старшыні ТБМ — на той час Генадзя Бураўкіна.
У той час, аб чым мала хто ведае, над ТБМ навісла першая пагроза высялення з офіса, што аўтаматычна цягнула за сабой страту рэгістрацыі, а значыць, і магчымасць легальнага існавання, і непазбежнае скарачэння колькасці сябраў, што для такой арганізацыі, як ТБМ, па вызначэнню прызванай на масавы фармат дзейнасці, азначала непазбежнае знікненне з грамадскай арэны. Дарэчы, сітуацыю тую вырашыў тагачасны мэр Мінска Уладзімір Ярмошын пасля сустрэчы з тагачасным старшынёй ТБМ Генадзем Бураўкіным.
17 красавіка 1999 года на VI з’ездзе ТБМ Алега Трусава па прапанове Генадзя Бураўкіна абралі старшынёй. З гэтага моманту ўсе больш ведаюць Трусава — грамадскага дзеяча, чым Трусава — палітыка.

ТБМ


Па інерцыі (беларуская мова, бел-чырвона-белы сцяг, «Пагоня») ТБМ успрымаецца як нешта вельмі блізкае да БНФ. На самай жа справе Таварыства беларускай мовы значна шырэй адной плыні. Палітычная прыналежнасць тут не мае ніякага значэння. У склад арганізацыі ўваходзілі ды ўваходзяць і камуністы, і дзеючыя міністры. У новых валанцёраў не пытаюцца ні пра партыйнасць, ні пра нацыянальнасць, ні пра веравызнанне. Крытэрый адзін — любоў да беларускай мовы. Як вядома, нават БНФ не пазбегла расколу. У ТБМ жа за дваццаць год існавання не было ніякіх унутраных сварак, ніякіх расколаў. Бо няма чаго дзяліць. І ёсць за што змагацца — канкрэтнае і духоўнае — за мову.
Дарэчы, палітычныя партыі вельмі паважаюць ТБМ, якое на сённяшні дзень налічвае пяць з паловай тысяч сябраў. Лічба для Міністэрства юстыцыі — толькі самыя актыўныя. На самай справе, сябраў значна больш.
На думку Алега Трусава, ва ўмовах таталітарнай дзяржавы «трэці сектар» мае больш перспектыў, чым іншыя. І з Трусавым цяжка не пагадзіцца. Што такое польская «Салідарнасць» або літоўскі «Саюдзіс»? Гэта не палітычныя партыі, а тыповыя недзяржаўныя структуры. І БНФ такім быў. Пакуль не стаў партыяй. Самай вялікай памылкай Пазьняка і яго каманды Трусаў лічыць стварэнне партыі БНФ. З гэтага і пачаўся развал. Трэба было спачатку прыйсці да ўлады.

За мову, за Беларусь!

 Алег Трусаў з Уладзімірам Арловым на вечарыне, прысвечанай 160-годдзю Францішка Багушэвіча (24 сакавіка 2000 г.)

 Алег Трусаў з Уладзімірам Арловым на вечарыне, прысвечанай 160-годдзю Францішка Багушэвіча (24 сакавіка 2000 г.)

Калі гутарка ідзе пра ТБМ, без разважанняў пра цяперашні стан беларускай мовы абысціся немагчыма. Мабыць, камусьці гэта падасца спрэчным, але Трусаў апошнім часам сцвярджае, што сёння яна «патроху адраджаецца». Сам ён пачаў размаўляць па-беларуску недзе на пачатку 1980-х гадоў. А першай беларускай кнігай для яго была «Новая зямля» Якуба Коласа, якую яму прэзентавалі на Дзень Савецкай Арміі ў восьмым класе. На беларускую мову Трусаў перайшоў свядома — у знак пратэсту супраць выключэння з БДУ некаторых студэнтаў, за «праяўленне нацыяналізму» (а па-сутнасці, за любоў да роднай мовы, да Беларусі). Каб лепш зразумець аргументы Алега Трусава, дазволім сабе адну цытату з яго шматлікіх інтэрв’ю:
«Зараз пытанне чыста палітычнае. Трэба дачакацца змены палітычнай улады. Калі прэзідэнт і прэм’ер-міністр загавораць па-беларуску, нават не трэба змяняць заканадаўства. Хай будуць дзве мовы. Я б не мяняў ніякія законы, толькі б памяняў уладу. І ўсё. За два гады большасць людзей пяройдзе на беларускую мову».
У самога Трусава перыяд пераходу на беларускую мову ўклаўся менавіта ў два гады. З 1982 года — паўсюль і з усімі — ён размаўляе выключна па-беларуску. І добра памятае, як да яго ставіліся ў рускамоўным Мінску — лаяліся ў тралейбусах, крамах, патрабавалі «гаварыць нармальна». Сёння сітуацыя змянілася кардынальна. Пачуўшы мову, прапускаюць без чаргі, нават міліцыянты выказваюць павагу, некаторыя таксісты за праезд грошай не бяруць.
Яго прапановы перавесці на беларускую мову ўсе дзяржаўныя ўстановы ўжо не выклікаюць з’едлівых усмешак. Сацыялагічнае апытанне, праведзенае нядаўна Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў сумесна з лабараторыяй «Новак», нечакана пацвердзіла аптымістычнае ўспрыняцце моўнай сітуацыі Алегам Трусавым. 83,7 працэнта жыхароў краіны лічаць беларускую мову нацыянальным сімвалам і нацыянальным здабыткам. І каля 50 працэнтаў назвалі людзей, што размаўляюць на мове, элітай нацыі.
Вынік — насуперак шматвекавой традыцыі на знішчэнне мовы. Насуперак афіцыйнай палітыцы апошніх паўтара дзясятка гадоў. Вынік, у якім, без сумневу, ёсць немалы ўнёсак ТБМ. І, зразумела, Алега Трусава.

Аптыміст

60e2afbe_94bb_4e8f_9864_7dcbd7e759dc_cx6_cy10_cw90_w610_r1_s_r1_1.jpg


У адрозненні ад многіх шчырых беларусаў, Алег Трусаў не плача і не енчыць пра гаротны стан беларускай мовы. Ён за яе, можна сказаць, змагаецца, але дакладней будзе — метадычна працуе.
І як стратэг, і як шараговец. У залежнасці ад абставін і забываючыся на свае пагоны. Аналізуе і ацэньвае сітуацыю, расклад сіл і магчымасцей. Манеўруе і атакуе. Утрымлівае плацдарм і пашырае яго хоць на сантыметр-другі.
Дамагліся, каб абвесткі ў грамадскім транспарце загучалі на беларускай мове — сцяжок на моўнай мапе Беларусі. Замянілі шыльды з назваў вуліц на беларускамоўныя — яшчэ сцяжок. Арганізавалі пры ТБМ курсы па вывучэнню беларускай мовы — на карысць. Зладзілі супольна з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі шырокую кампанію «Будзьма беларусамі» — поспех.

890ff7c0_3b2f_4a5e_9a61_75cd6385478e_w1023_r1_s_logo_1.jpg


Трэба дзеля гэтага размаўляць з чыноўнікамі — вокам не міргне. Сесці за стол грамадскай камісіі пры прэзідэнцкай адміністрацыі — без хістанняў. Аднак і першае пытанне ў лоб — пра мову. І пра дэмакратычныя пераўтварэнні.
Але ж калі трэба — у лабавую атаку, без ваганняў. Напрыклад, калі зноўку над ТБМ узнікла пагроза быць пазбаўленым офіса. Пад уздзеяннем хвалі пратэстаў раённая адміністрацыя адступіла. І ТБМ жа першая ўдарыла ў звон пра небяспеку маніпуляцый з пытаннем наконт роднай мовы напярэдадні перапісу.
Быць гнуткім і не здрадзіць прынцыпам, самому сабе — здаецца, гэта Алегу Трусаву ўдаецца.
«Новы Час» шчыра віншуе Алега Трусава з народзінамі! Зычым моцнага здароўя, асабістага шчасця і плёну ў працы на ніве беларушчыны.