Беларус на троне Андоры
Авантурнік маштабу Астапа Бендэра, жыццё якога і сёння застаецца таямніцай. Ён напоўніцу выкарыстаў свае здольнасці махляра. Называў сябе «белым рускім, родам з Вільні» і застаўся ў гісторыі як першы і апошні кароль Андоры.
Нашчадак «сарака каралёў»
Барыс Скосыраў па лініі маці быў нашчадкам рыцараў-гаспітальераў, якія перабраліся з вострава Радос на Мальту. У сярэдзіне XVII стагоддзя яго продкі з роду Маўрасаў апынуліся ў Малдове, адкуль у ХІХ стагоддзі патрапілі ў Беларусь. Сам Скосыраў пазней прыдумаў для журналістаў гісторыю пра «сорак каралёў» сярод сваіх продкаў.
Барыс нарадзіўся па-за шлюбам 12 студзеня 1896 года. Яго бацькам быў адстаўны карнет Міхаіл Міхайлавіч Скосыраў, які працаваў земскім начальнікам у Лідскім уездзе Віленскай губерні, а маці — графіня Лізавета Дзмітрыеўна Маўрас, якая да таго ўжо паспела ўступіць у шлюб, скасаваны са згоды царквы, са сваім стрыечным братам. Скосыравы мелі маёнтак Вялікая Лебяда ў Лідскім павеце, але шмат часу праводзілі ў Вільні, дзе і нарадзіўся Барыс.
Месцам свайго навучання Скосыраў называў то Оксфард, то Ліцэй Людовіка Вялікага ў Парыжы. Але, хутчэй за ўсё, яго адукацыя абмяжоўвалася гімназіяй і хатняй адукацыяй, вынікам якой стала свабоднае маўленне на англійскай, французскай і нямецкай мовах.
На службе брытанцаў і японцаў
Пасля акупацыі Заходняй Беларусі немцамі ў часы Першай сусветнай вайны сям’я Скосыравых з’ехала ў Пецярбург. Веданне замежных моваў дазволіла Барысу патрапіць у Брытанскі бронедывізіён, які быў пасланы на дапамогу Расіі супраць Германіі. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе Барыс Скосыраў апынуўся ў Лондане.
Там Скосыраў паступіў перакладчыкам на службу ваенна-марскіх браніраваных машын, створаную Оліверам Локерам-Лэмспанам. Скосыраў удзельнічаў у барацьбе з савецкай уладай у Галіцыі, пасля чаго зноў апынуўся ў Лондане. І ўладкоўваўся перакладчыкам у дыпламатычнае прадстаўніцтва Японіі.
Але напрыканцы 1919 года Барыс Скосыраў у непрыемным кантэксце засвяціўся на старонках англійскіх газет: у яго здарыўся канфлікт з маёрам Хашыміта, у якім фігуравалі сведчанні пра бойку і залаты гадзіннік японца. У хуткім часе ён быў затрыманы Скотланд-Ярдам за незабяспечаныя чэкі пры аплаце жылля і іншых рахункаў. Не меў Скосыраў і рэгістрацыі, што патлумачыў страхам перад савецкімі дыверсантамі. Пасля абяцання аплаціць рахункі ён быў адпушчаны, а яго пазыкі сапраўды былі вернутыя. У чым, хутчэй за ўсё, дапамог яго баявы сябар Локер-Лэмпсан.
Барон і міжнародны аферыст
Фінансавае становішча Скосырава пагаршалася, і ў 1922 годзе ён выправіўся з Альбіёна на Кантынент, у Нідэрланды, дзе прадставіўся «капітанам д’Скоссыраффым» і «баронам Экоссырэффым», які быццам бы вучыўся з прынцам Уэльскім і асабіста знаёмы з нідэрландскай каралеўскай сям’ёй.
У 1923 годзе, знаходзячыся ў Францыі, Скосыраў атрымаў ад дацкага консульства пашпарт, у якім ён быў запісаны «баронам», які меў рост 179 см, «без рэлігіі», а ў якасці прафесіі пазначана «журналіст». У 1924 годзе ён атрымаў яшчэ адзін пашпарт, так званы «нансенаўскі», названы ў гонар нарвежскага палярніка Фрыцьёфа Нансена. Апошні прапанаваў выдаваць пашпарты ад Лігі Нацый, каб яго ўладальнікі маглі ўладкоўвацца на працу і свабодна перамяшчацца па ўсім свеце.
У Нідэрландах за Скосыравым замацаваўся аўтарытэт «міжнароднага аферыста». Мясцовыя ўлады ў 1924 годзе нават уключылі яго ў спіс «вядомых замежных рэвалюцыянераў». У пошуках новых магчымасцяў ён выправіўся ў Калумбію, дзе арганізаваў фірму «Барыс дэ Скосыраў: імпарт-экспарт, прадстаўнічыя паслугі», дасканала вывучыў іспанскую мову і наступнае дзесяцігоддзе правёў у раз’ездах паміж Новым і Старым Светам, замацоўваючы за сабой новы вобраз — шпіёна і альфонса.
Альфонс
Скосыраў ажаніўся 21 сакавіка 1931 года ў Францыі на заможнай жанчыне — Мары-Луізе Пара дэ Гасье, якая была старэйшая за яго на некалькі гадоў і не вылучалася асаблівай прыгажосцю. Сам жа Барыс выдзяляўся прывабнай знешнасцю. З ім звязвалі вялікую колькасць любоўных раманаў, чаму шлюб не перашкаджаў.
У 1932 годзе некалькі месяцаў доўжыўся яго раман з англійскай арыстакраткай Філіс Херд, пасля чаго ён пазнаёміўся з амерыканкай Флорэнс Мармон, былой жонкай аўтамабільнага фабрыканта-мільянера Говарда Мармона. Вялікія аліменты дазвалялі той весці шыкоўнае жыццё. У верасні 1933 года Скосыраў і Мармон нават былі затрыманыя ў горадзе Пальма-дэ-Мальёрка па падазрэнні ў дачыненні да какаінавага трафіку. Прыгоды Флорэнс і Барыса працягнуліся, у выніку прывёўшы іх у невялічкі куток паміж Іспаніяй і Францыяй — Андору.
Паміж Францыяй і Іспаніяй
Андора з 988 года з’яўлялася княствам, якім з ХІІІ стагоддзя фактычна кіравалі кароль Францыі і епіскап Урхельскі. Але пасля ўсталявання ў Францыі рэспублікі тут паўстала праблема легітымнасці ўлады, якая пагаршалася на фоне агульнай сітуацыі ў свеце, чым і скарыстаўся Скосыраў.
Пачатак 1930-х гадоў Еўропа сустрэла эканамічным крызісам, прыходам нацыстаў да ўлады ў Германіі і пагрозай новага ваеннага канфлікту. Хваля зменаў абрынулася і на Іспанію, якая ў 1931 годзе стала рэспублікай. З-за цяжкага крызісу палова краіны стала беспрацоўнай, хваляванні нарасталі, у выніку выліўшыся ў 1936 годзе ў грамадзянскую вайну. На гэтым фоне невялічкая горная Андора выглядала выспаю спакою. Але толькі выглядала.
Першым фактарам незадаволенасці стала правядзенне дарогі, якая злучыла Іспанію і Францыю, і будаўніцтва якой мясцовае насельніцтва сабатавала. Наступнай праблемай стала праведзеная Генеральным саветам (парламентам) Андоры выбарчая рэформа: абвяшчалася ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, старэйшых за 25 гадоў. Супраць выступіла важнейшая судовая інстанцыя княства — Судовы трыбунал. Канфлікт быў настолькі востры, што ў яго вымушаны быў умяшацца прэзідэнт Францыі Альбер Лебрэн. Ён накіраваў у Андору 50 жандараў. Але не яны спынілі хваляванні жыхароў.
Па прыкладзе Манака
У гэты час у Андору прыбыў Скосыраў, які адразу пралічыў магчымасці памежнага кутка. Зацяты гулец у казіно, ён вырашыў ператварыць горную краіну ў новы еўрапейскі ігральны цэнтр. Скосыраў стаў рэгулярна наведваць пасяджэнні Генеральнага савета Андоры, дзе распавядаў пра перспектывы краіны. Неабходна было прыняць толькі некалькі рашэнняў: адкрыцца замежным інвестыцыям, пабудаваць курорты і казіно, скасаваць падаткі, забяспечыць свабоду слова і… зрабіць Скосырава каралём Андоры.
17 мая 1934 года ён прапанаваў план рэформ у пісьмовым выглядзе, да якога прыклаў ліст ад Жана Арлеанскага, герцага дэ Гіза з роду былых каралёў Францыі. Той перадаваў Скосыраву права на княжанне ў Андоры. Гэта занепакоіла французскія і іспанскія ўлады. Праз тыдзень Барыс быў выдвараны з княства. Але 7 ліпеня ён зноў быў у Андоры: прадстаўляў план рэформ у Генеральным савеце.
На наступны дзень, 8 ліпеня, на падставе ліста Жана Арлеанскага Андора абвяшчаецца каралеўствам. Скосыраў становіцца каралём пад імем Барыс І. За гэтае рашэнне прагаласавалі 23 дэпутаты, толькі адзін выступіў супраць. Нічога не змянілася і пры паўторным галасаванні 10 ліпеня: Скосыраў стаў каралём Андоры.
Кароль і епіскап
Першым чынам кароль увёў новы сцяг краіны і абвясціў Канстытуцыю, напісаную ім уласнаручна. Яна складалася ўсяго з 17 артыкулаў, у якіх Андора абвяшчалася незалежнай краінай, дзе пануе роўнасць усіх перад законам, існуе поўная адмена падаткаў, абараняюцца грамадзянскія свабоды.
Францыя пагадзілася на прызнанне незалежнасці невялікага каралеўства. Не быў супраць і епіскап Урхельскі, але яго непакоіла імкненне Скосырава адкрыць у Андоры казіно. 11 ліпеня епіскап выступіў з рэзкай крытыкай новага караля ў прэсе. 12 ліпеня Скосыраў абвясціў вайну епіскапу Урхеля, але ўсе 15 андорскіх паліцэйскіх у гэты час займаліся перапісам насельніцтва і не прынялі якіх-небудзь актыўных дзеянняў.
Епіскап Урхеля, у сваю чаргу, звярнуўся са скаргай у жандармерыю Каталоніі. Адтуль у Андору прыбылі 50 іспанскіх жандараў, і 20 ліпеня Барыса І арыштавалі. Пасля гэтага ў Андоры ўсё вярнулася на ранейшыя пазіцыі, калі княствам сумесна кіравалі епіскап Урхеля і прэзідэнт Францыі.
Арыштаванага караля Андоры адправілі ў Барселону, а адтуль звезлі ў Мадрыд, дзе яго сустракала вялікая колькасць журналістаў. 31 кастрычніка 1934 года Скосыраў быў асуджаны на год турмы за парушэнне рашэння аб яго высылцы з тэрыторыі княства. Але ўжо ў лютым 1935 года ён быў вызвалены, перапраўлены ў Партугалію і апынуўся ў Францыі. Ён накіраваўся да сваёй законнай жонкі, з якой пасля гэтага пражыў больш двух дзесяткаў гадоў.
«Непажаданы элемент»
У 1936 годзе французскія ўлады абвясцілі Скосырава «непажаданым элементам» і адправілі ў лагер для інтэрніраваных пад горадам Манд. А ў 1939 годзе ад яго запатрабавалі неадкладна пакінуць Францыю, на што яму адводзілася тры дні. На гэты тэрмін яго накіравалі ў французскі канцэнтрацыйны лагер Ла Вернэ ў Ар’ежы ў Пірэнеях.
Далейшае яго жыццё выклікае шмат пытанняў. Сам Скосыраў казаў, што ён быў вызвалены немцамі ў кастрычніку 1942 года і накіраваны ў СССР.. Скосыраву давялося некалькі гадоў паслужыць перакладчыкам у немцаў, у Беларусі. Затым было зняволенне ў Сібіры і пераезд у Заходнюю Германію.
У 1957 годзе ён развёўся са сваёй жонкай Мары-Луізай, з якой так шмат перажыў, а пазней, ва ўзросце 73 гадоў, ажаніўся з 30-гадовай немкай. Апошнія свае гады ён пражыў у нямецкім гарадку Бапард і памёр у 1989 годзе.
Так скончылася жыццё ўраджэнца Беларусі, якога журналісты называлі «сваяком усіх каралеўскіх дынастый Еўропы» і які здолеў дасягнуць уласнай мары — стаць каралём хаця б на два тыдні.