Дзядзька Рыгор. Дзённік выбраных сустрэч

24 лютага Рыгору Барадуліну было б 83. Ён пайшоў з жыцця чатыры гады таму, праз тыдзень пасля свайго 79-годдзя. Амаль 15 гадоў Сяргей Шапран занатоўваў гутаркі з Барадуліным. Прапануем вам выбранае з гэтых дзённікаў.

3_ljuti_2014_fota_s_shaprana_1__1.jpg


З Рыгорам Барадуліным я пазнаёміўся ўзімку 1999 года падчас Міжнароднага фестывалю праваабарончага кіно, які праходзіў у мінскім ДК прафсаюзаў. Папрасіў тады сказаць колькі слоў для газеты «Имя», у якой я працаваў. І адразу дамовіліся пра другую сустрэчу і новае, ужо вялікае інтэрв’ю.
Неаднойчы бачыў яго на вуліцах Мінска (звычайна на тагачасным праспекце Машэрава, дзе і па сёння месціцца выдавецтва «Мастацкая літаратура», у якім працяглы час працаваў Барадулін, пакуль з прыходам новай улады не быў выправаджаны на пенсію). Рыгор Іванавіч уяўляўся чалавекам замкнёным, які «сам у сабе». Кожнага разу, калі выпадкова сустракаў яго, ён ішоў, засяроджана гледзячы сабе пад ногі, і толькі зрэдчас пазіраў на сустрэчных. «Барадулін — класік, да яго не падступіцца», — прыкладна так разважаў я тады. Але на самай справе ўсё аказалася іначай, і з той выпадковай сустрэчы ў 1999-м і пачалося нашае знаёмства.

Вушача. У маміным садзе

Вушача. У маміным садзе

 Трэба сказаць, што працяглы час я не мог прызвычаіцца называць Барадуліна «дзядзькам Рыгорам», пра што ён настойліва прасіў, і яшчэ доўга Барадулін быў для мяне «Рыгорам Іванавічам». Праўда, пасля, калі пачаў звяртацца да яго «дзядзька Рыгор», казаць «Рыгор Іванавіч» было ўжо немагчыма.
Варта яшчэ дадаць, што ад самага пачатку я разумеў, з кім звёў мяне лёс, і таму амаль усе гэтыя пятнаццаць гадоў занатоўваў нашы гутаркі і сустрэчы. Дзённік гэты велізарны, таму прыгадаю цяпер толькі самае адметнае ў тым жыцці Рыгора Барадуліна, якому я аказаўся сведкам.

Рыгор Барадулін з Васілём Быкавым, 29 мая 2003 г.

Рыгор Барадулін з Васілём Быкавым, 29 мая 2003 г.

 

1999

20 сакавіка. Падчас другой нашай сустрэчы Барадулін казаў, у прыватнасці, што беларусы — гэта людзі з выбітым розумам і хворай душой. Гэтае вызначэнне сталася тады назвай інтэрв’ю. Калі ж пазней, праз дзесяцігоддзе, працаваў над кнігай «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным», дык нагадаў пра гэта Рыгору Іванавічу, бо памятаў, як пасля тэлефанавала адна абураная чытачка. Дзядзька Рыгор патлумачыў: «Я гаварыў гэта адначасова і з болем, і каб, што называецца, пацвяліць быка. Я так гаварыў, жадаючы, каб гэтага не было. Я хацеў, каб людзі задумаліся і паглядзелі на саміх сябе. Гэта старая ісціна: калі ўвесь час гладзіць па галаве, можна апошнія звіліны загладзіць, таму лепей і супраць поўсці прычасаць…»

2002

13 чэрвеня. У госці завіталі Барадулін са сваім сябрам — лекарам-ведзьмаком Пятром Кухарскім, былі гадзіны дзве. Вось што запомнілася з размовы. Пётра кажа: «Сёмуха мяркуе, што Барадулін вушацкі фальклор выдумаў». — «Ну, можа, трошкі і выдумаў», — дзядзька Рыгор так хітравата ўсміхнуўся, што мы ажно зарагаталі… Ці Пётра пытаецца, колькі Барадулін пераклаў вершаў для кнігі «Верш на Свабоду»? Мабыць, усе? Дзядзька Рыгор жартам: «Не, не далі с…кі ўсё перакласці!» Ці вось прыгадаў, як аднойчы з некім удваіх цягам вечара выпіў тры пляшкі кубінскага рому. «На раніцы прачынаюся, а сэрца як тыя курсанты маршыруюць па Чырвонай плошчы: бум-бум-бум! Ледзь дуба не даў!» Пазней чамусьці загаварылі пра вагу, дык я сказаў, што ў мяне ёсць шалі. Узважыліся: Барадулін — 85, Пётра — 102. Але было відавочна, што дзядзьку Рыгора гэта збянтэжыла, і таму мы некалькі разоў «пераважывалі» яго. Пасля ён казаў: «Так, адчуваю, што лішняе ёсць». І ўжо на развітанне падараваў цацачнае вярблюжаня, якое назваў вандроўнікам, — каб я браў у вандроўкі.
Яшчэ раней мне патэлефанавалі з «Камсамолкі» — пыталіся, у каго з беларускіх літаратараў можна ўзяць каментар адносна новага гімна Беларусі, які збіраюцца прымаць. Маўляў, званілі Барадуліну, але яго няма дома. Я адказаў, што хутка ён будзе ў мяне, і вось зноў званок… Ужо пасля кароценькага інтэрв’ю «Камсамолцы» дзядзька Рыгор казаў нам з Пётрам: «У сапраўднасці не ведаю, які там гімн прымаюць, але ўсё гэта часовае: пасля будзе і гімн іншы, і “Пагоня” вернецца».
7 ліпеня. Нечакана прыйшоў Пётр Кухарскі, а праз паўгадзіны і Барадулін, хоць мы дамаўляліся, што яны ў нядзелю будуць. Меркаваў, што пагаворым пра сексотаў (калі першым разам сказаў пра тое, дзядзька Рыгор у адказ узрадавана: «Гэта я з задавальненнем! Гэта любімая мая тэма!»), аднак Барадулін сказаў, што пачуваецца не лепшым чынам. Зрэшты, пасля пэўных пётравых маніпуляцыяй над ім праседзелі чатыры гадзіны запар. Праўда, пра сексотаў дзядзька Рыгор распавядаў не шмат, што, зрэшты, было зразумела: цяжка гаварыць на гэтую «далікатную» тэму, не бачыўшы даносаў. Дарэчы, на маё пытанне пра аўтарства паэмы «Лука Мудищев» адрэагаваў нечакана рэзка, нават нервова: «Ай, не хачу аб гэтым гаварыць! Я ўжо казаў: я б лепей напісаў…»
Дзядзька Рыгор пазваніў зноў увечары, голас бадзёры. Яму сёння тэлефанаваў Васіль Быкаў, які прасіў даслаць нумар «БДГ для служебного пользования» з маім матэрыялам пра яго; па-другое, ён дае згоду на публікацыю ў «БДГ» сваіх успамінаў, аднак толькі ў кастрычніку, паколькі падпісаў кантракт з радыё «Свабода» (дзе пачынаючы з 15 ліпеня чытаў у эфіры свае ўспаміны), паводле якога любыя публікацыі магчымыя толькі ўвосень.
4 верасня. Расказаў Барадуліну, што рада Саюза пісьменнікаў прыняла рашэнне правесці з’езд 24 верасня, на з’ездзе можа быць Быкаў. Навіна ўсхвалявала Барадуліна: «Не трэба Васілю быць там, нават калі ён будзе ў гэты час у Мінску. Абавязкова скажу, калі пазвоніць».
Барадулін распавёў, што ўчора а палове першай ночы яму пазваніў Н., сказаў, што хоча застрэліцца. Гуляў сёння ў карты і выйграў пяцьдзясят долараў, але ў таго, хто прайграў, такіх грошай не было, дык прапанаваў Н.: ты дасі пяць долараў на таксі, а я табе — пісталет. Н. пагадзіўся. І вось цяпер гэты пісталет, пабліскваючы, ляжыць перад ім. Барадулін пачаў адгаворваць: «Навошта страляцца? Ты ж супраць Бога пойдзеш…» Здаецца, адгаварыў… Яшчэ прыгадаў, як Мятліцкі казаў пра яго: Барадулін перапісвае бездараў, а пасля абвяшчае іх талентамі. Дзядзька Рыгор смяяўся: «Ну што ж, добрая характарыстыка».
14 верасня. Паведамленне на пэйджар: «Спадар Сяргей, прывітанне вам ад Васіля Быкава. Ён вам выслаў падрабязныя адказы на вашыя пытанні, і мы хвілін 5–7 хвалілі вас на два галасы. Поспеху, здароўя. Дзядзька Рыгор».

Рыгор Барадулін у Бычках каля хаты Быкавых, 2001 г.

Рыгор Барадулін у Бычках каля хаты Быкавых, 2001 г.


17 верасня. Патэлефанаваўшы Барадуліну, папрасіў яго напісаць слова пра Артура Вольскага, паколькі мы ў «БДГ», на жаль, нічога не напісалі з нагоды яго смерці. Барадулін ахвотна пагадзіўся, бо, казаў, сябраваў з Вольскім з 1954 года. Я яшчэ паведаміў, што буду прасіць Генадзя Бураўкіна весці ў нас рубрыку «на злобу дня». На гэта дзядзька Рыгор заўважыў, што паколькі ён дужа злосны, таму «на злобу дня» нічога пісаць не будзе, аднак гатовы зрабіць літаратурныя партрэты Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Вялюгіна, але найперш — Аркадзя Куляшова. І на развітанне, каб, па яго словах, падвысіць мне настрой, прачытаў верш Аляксандра Пракофьева:
 Любители праздного злословья,
Вам от души желаю одного:
Любите и е…сь на здоровье,
Но не за счёт здоровья моего.
25 верасня. Увечары пазваніў Барадулін, якому я расказаў, што ўжо даўно чакаю абранага сёння старшынёй СБП Алеся Пашкевіча. Дзядзька Рыгор пазваніў зноў у адзінаццаць, запытаўся, ці прыйшоў Пашкевіч. Казаў, каб я ішоў дамоў і больш не чакаў… Я прачытаў дзядзьку Рыгору раздзел з будучага артыкула, дзе цытаваў яго «дурноты». У адказ Барадулін прадэкламаваў яшчэ такія свае радкі:
 Створаць памперсы інтым,
Ім зайздросьцяць унітазы.
Трэба памперсы і тым,
Хто падпісвае указы.
28 верасня. Увечары паведамленне на пэйджар: «Спадар Сяргей, яшчэ адно. Харызматык. Адзін усім устаўляе клізму. І гэта лічаць за харызму. Гісторыю не здзівяць дурыкі — яна асобная асоба. Праходзяць рурыкі і шурыкі, як і здзіўленне і хвароба. Дзядзька Рыгор».
19 кастрычніка. Патэлефанаваўшы, распавёў Барадуліну, што прыйшоў ліст ад Быкава з інтэрв’ю. Дзядзька Рыгор прасіў зрабіць для яго ксеракопію, бо, патлумачыў, збірае матэрыялы пра Быкава. І пасля расказаў, што дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Мачульскі вазіў на кніжны кірмаш у Германію не першы быкаўскі том, а ўсяго толькі праспект Збору твораў. Затое нібыта павінен нарэшце з’явіцца 4-ты том Барадуліна (першыя тры тамы выйшлі ў 1996–1999 гадах, пасля быў працяглы перапынак; наогул кажучы, гэты Збор твораў быў анансаваны як пяцітомны — так пазначана ў першым томе, але, пачынаючы з другога, быў названы ўжо проста Зборам твораў; пяты том з перакладамі «Мастацкая літаратура» не стала выдаваць). Яшчэ дзядзька Рыгор казаў, што вельмі рады, што звёў мяне з Быкавым, дадаў: «Васіль доўга прыглядаўся да вас». 

Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін

Пазней Барадулін зноў патэлефанаваў: «Пан Шапран?» — нечакана звярнуўся ён. Дамовіліся сустрэцца на наступным тыдні, каб пазваніць Быкаву… З самага пачатку нашай размовы ў тэлефоннай трубцы Барадуліна ўзнікалі незразумелыя перашкоды (я дык чуў добра), з-за чаго дзядзька Рыгор увесь час недаўмеваў: «Ну, што ж гэта такое?!» Я нават двойчы перазвоньваў яму, пасля ён мне, але беспаспяхова. І калі ў чарговы раз узніклі перашкоды ў трубцы, Барадулін, не стрымаўшыся, вылаяўся: «Ды што ж гэта за б…ва?!» Дасюль ніколі не чуў, каб ён так лаяўся.
14 кастрычніка. Прыходзілі Барадулін і Кухарскі. Па маёй просьбе Барадулін падпісаў «Лісты ў Хельсінкі»: «Самаму, самаму, самейшаму Уладзіміру Мулявіну ад Васіля Вялікага й ад мяне — паклон і зычаньні здароўя! Дзядзька Рыгор». Мулявін патрапіў у аўтамабільную катастрофу і знаходзіцца на лячэнні ў Маскве. Каб падтрымаць яго, папрасіў некаторых пісьменнікаў падпісаць Уладзіміру Георгіевічу свае кнігі, каб пасля перадаць праз знаёмых музыкантаў «Песняроў».
27 лістапада. Гаварылі з Барадуліным пра рознае, запомнілася яго фраза: «Калі былі маладыя, жартам казалі: “Жыць можна і так, і эдак — абы памерці добра”. З узростам усё больш пераконваешся ў слушнасці гэтай прымаўкі».

Рыгор Барадулін у Чарапоўшчыне, 2001 г.

Рыгор Барадулін у Чарапоўшчыне, 2001 г.

26 снежня. Дзядзька Рыгор прынёс тэкст навагодняга віншавання чытачам «БДГ» (рыхтую матэрыял «Беларускі народ віншуюць народныя», з нагоды чаго звярнуўся да народных пісьменнікаў Беларусі Васіля Быкава, Янкі Брыля і Рыгора Барадуліна):
 З Новым годам!
Вяльможныя бэдэгоўцы і бэдэгіні,
Хай ісьціна ў вашых сэрцах
Знойдзе сабе жытло!
Шчырэйце! Сьмялейце!
Цемра ўрэшце дагіне.
І запануе на Беларусі
Яго непагаснасьць сьвятло!
 

Разам з магістрам беларускіх рыцараў ордэна Паўночнага храма Зміцерам Несцюком, 2001 г.

Разам з магістрам беларускіх рыцараў ордэна Паўночнага храма Зміцерам Несцюком, 2001 г.

 

2003

28 студзеня. Разам з Барадуліным, Пятром Кухарскім і Рыгорам Сітніцам хадзілі развітацца з Уладзімірам Мулявіным. Ішоў дождж. У Дом афіцэраў шматтысячная чарга. Барадулін з Кухарскім прыйшлі раней за мяне, пасля дванаццаці, у чарзе стаялі да дзвюх гадзін. Мы ўжо павінны былі ўваходзіць у Дом афіцэраў, але перашкодай стаў Лукашэнка — калі ён прыехаў, чарга хвілін дваццаць не рухалася…
20 лютага. Дзядзька Рыгор, завітаўшы ў рэдакцыю, прынёс кнігу «Здубавецьце» з дарчым надпісам для расійскага акцёра Яфіма Шыфрына, які, як высветлілася, паходжаннем з Беларусі (падчас інтэрв’ю толькі пра гэта з ім і гаварылі, пра што я пасля распавёў Барадуліну):
«Усьмешак нашых
Тут зьбярэцца з фунт.
Яфіму Шыфрыну —
Банзай гэзунд!
Дзядзька Рыгор
з Вушачы.
20 лютага 2003.P. S. Дзякуй Вам, Майстра, за любоў да Беларушчыны!»
Пазванілі Васілю Быкаву ў Прагу. Я пытаўся пра Караткевіча, паколькі рыхтую вялікі артыкул пра яго. Ужо пасля Барадулін казаў Васілю Уладзіміравічу: «Гэта ж Караткевіч казаў Брылю: “Пакуль не напішаш раман, ты г…но, а не літаратар”. Гэта так Валодзя прымушаў Брыля пісаць раман… (Тут Быкаў нешта, мусіць, запярэчыў.) Не-не, гэта пры мне было. Але гэта так, да слова, Васіль, гэта не да справы… Ну, так яшчэ раз, Васіленька, Васіленька, здароўя, здароўя, здароўя, як у Вушачах называлі, і ў ручкі, і ў ножкі».
 24 лютага. Дзень нараджэння дзядзькі Рыгора. Пазваніў, каб павіншаваць, а ён паведаміў сумную навіну — памерла сястра Караткевіча.
26 лютага. Разам з Барадуліным хадзілі развітацца з Наталляй Сямёнаўнай, праўда, ён спазніўся на паўгадзіны, бо пераблытаў час, калі павінны былі сустрэцца. (Ён патэлефанаваў зноў увечары, выбачаўся за спазненне, але голас быў ужо звычайны. Пасля Пётр Кухарскі сказаў, што калі трэба ісці на пахаванне, Барадулін робіцца сам не свой.) Дзядзька Рыгор, як і дамаўляліся, прынёс для «БДГ» сваё развітальнае слова «Паклон Вам, Наталля Сямёнаўна!», якое заканчвалася наступным чынам:
«Не паспеў у мітусні дзён пачытаць Вам вершы да Вашага юбілею. Дазвольце памяці Вашай пакланніца радкамі:
І яшчэ абляцела галінка адна
З радавітага дрэва крывіцкага духу.
Зацямнелая зорная баразна,
Унурыўшыся ў векавечную скруху.                     

А праб’ецца зялёны расток з-пад сушша
І ўсьміхнецца ад козаткі долі.
Душы родныя прывітае душа,
Каб ужо не разьвітвацца
Ніколі…»
27 сакавіка. Барадулін, патэлефанаваўшы, нават напалохаў, бо сказаў (па голасе сам не свой): «З Васілём дрэнна» і замаўчаў. Сёння Быкаву зрабілі аперацыю.

19 чэрвеня 2003 г., Бараўляны. Пасля сустрэчы з Васілём Быкавым: Сяргей Законнікаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Кудравец, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Болтач

19 чэрвеня 2003 г., Бараўляны. Пасля сустрэчы з Васілём Быкавым: Сяргей Законнікаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Кудравец, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Болтач

22 красавіка. У Доме літаратара прэзентацыя паэтычнай анталогіі «Краса і сіла» Міхася Скоблы. Барадулін выступіў хораша, і прымалі яго вельмі добра. Калі яшчэ падымаўся на сцэну, гучалі такія апладысменты, якіх не было ні раней, ні пасля, што прымусіла Барадуліна спыніцца, крыху пастаяць, а пасля сказаць засмучана: «Я яшчэ жывы…» У зале смех. Пасля дзядзька Рыгор распавёў, што ў гэтай зале звычайна збіраліся толькі члены, а ён з Караткевічам хацеў быць не членамі, а сябрамі, але тыя, казаў Барадулін, настойвалі, бо ім, старым, было прыемна называць сябе членамі, а нам, маладым, было ўсё роўна… І зноў у зале смех. Барадулін, прабачаючыся, сказаў, што зараз ужо закончыць, бо, відаць, гаворыць нешта лішняе. І зноў смех. Дзядзька Рыгор працягваў выступаць у тым жа жартаўлівым духу, і таму ў зале смех, смех, увесь час смех… І толькі пра анталогію Скоблы гаварыў сур’ёзна: сказаў, што разам з Бібліяй Скарыны яна ўваходзіць у дзясятку галоўных беларускіх кніг, а якая ўжо па ліку — гэта гісторыя расставіць усё па сваіх месцах.
 15 мая. Разам з Барадуліным патэлефанавалі Быкаву ў Прагу. Дзядзька Рыгор быў вельмі задаволены размовай з сябрам, тым больш, што Васіль Уладзіміравіч, сам таго не ведаючы, «падкінуў» яму некалькі радкоў для аповеду пра сябе. Так, калі Барадулін, кажучы пра падрыхтоўку быкаўскага фотаальбома, прапанаваў, як сам заўважыў, «в порядке бреда» назву «Васілёк у жыце Беларушчыны», Быкаў умомант адрэагаваў: «Так трэба было б назваць, калі б рана памёр». Пачуўшы тое, дзядзька Рыгор пачаў смяяцца і так махаць рукой, нібыта хацеў адхрысціцца ад гэтага.
29 мая. Апоўдні сустрэліся з Барадуліным. Васіля Быкава не было хвілін пятнаццаць (ён ужо ў Мінску, учора дамовіліся з ім сустрэцца), і дзядзька Рыгор пачаў хвалявацца, што, можа, нешта здарылася, патлумачыў, што Быкаў звычайна не спазняецца, і неаднойчы хадзіў да дарогі паглядзець, ці не едзе. Мы ўжо пайшлі былі званіць у ПЭН-цэнтр, як прыехаў Васіль Уладзіміравіч. Барадулін адразу прапанаваў пайсці на вуліцу, каб сфатаграфавацца, але Быкаў адказаў: «Пачакай. Я толькі цераз парог пераступіў, а ўжо фатаграфавацца…»
Васіль Уладзіміравіч запытаўся, куды можна прайсці, Андрэй Дынько, намеснік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра (а, значыцца, Быкава) адказаў: «Куды хочаце, Васіль Уладзіміравіч, вы тут гаспадар». Пайшлі ў кабінет Карласа Шэрмана.
Праз пэўны час Дынько выйшаў. Яшчэ хвілін праз пятнаццаць з’явіўся Барадулін, казаў, што Быкаў прынёс заяву аб адстаўцы з пасады старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра, настрой у яго не лепшы яшчэ і таму, што ў яго праблемы з кватэрай — могуць выселіць, бо калі паехаў за мяжу, павінен быў выпісацца. Цяпер Бураўкін дапамагае ўлагодзіць гэтую справу. У гэтай сувязі Быкаў не стане каментаваць сітуацыю з закрыццём «БДГ», бо любая публікацыя можа павярнуцца супраць яго самога. Раней ён сказаў у адным інтэрв’ю, што хацеў бы памерці ў сваім ложку, дык цяпер і гэтага не дазволяць.

У Беларускім ПЭН-цэнтры: Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Карлас Шэрман, Уладзімір Арлоў. 2001 г.

У Беларускім ПЭН-цэнтры: Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Карлас Шэрман, Уладзімір Арлоў. 2001 г.


Калі Быкаў вызваліўся, пайшлі на вуліцу фатаграфавацца. На дзіва, пазіруючы, Васіль Уладзіміравіч быў вельмі цярплівы. Мо яшчэ таму, што нечакана для мяне пачаў хваліць мае фотаздымкі, казаў, што справа, відаць, не толькі ў оптыцы, але і выбары ракурсу, і нават правёў паралель паміж маімі фотаздымкамі і жывапіснымі працамі Крамскога. Вядома, чуць тое было прыемна і няёмка адначасова, бо тое казаў Васіль Быкаў, які, між іншым, сам займаўся фатаграфіяй.
Калі вярнуліся ў ПЭН-цэнтр, папрасіў яго падпісаць некалькі кніг, у тым ліку кінарэжысёру Ігару Дабралюбаву. Раніцай я тэлефанаваў яму, Ігар Міхайлавіч прасіў перадаць Быкаву, што ў Міністэрстве культуры адносна фільма па апавяданні «Жоўты пясочак» (якое Дабралюбаў ужо некалькі гадоў марыў экранізаваць) спасылаюцца на Міністэрства фінансаў — маўляў, грошай няма, трэба чакаць восені, аднак Дабралюбаў спадзяецца, што ўсё ж запусціцца з фільмам. Зрэшты, Васіль Уладзіміравіч быў перакананы: з фільмам нічога не атрымаецца. І падпісаў асобнік «Пахаджан»: «Даўняму нястомнаму сябру Ігару Дабралюбаву — на ўдачу!»
 
Затым разам з Барадуліным пайшлі праводзіць Быкава да плошчы Перамогі. Яшчэ пры выхадзе з ПЭН-цэнтра, Васіль Уладзіміравіч хацеў быў зашпіліць куртку, але нешта ў яго не атрымоўвалася, дапамагчы ўзяўся Барадулін. Было ў гэтым нешта кранальнае — у гэтых турботах адзін пра аднаго, але Быкаў казаў жартам: «Кінь ты, Рыгор, я яшчэ не зусім здурнеў, толькі напалову». Мы пасмяяліся. Барадулін яшчэ прапанаваў дапамагчы сябру несці партфель, але Васіль Уладзіміравіч зноў жа адмовіўся, патлумачыў, што партфель не цяжкі, тым больш што там, казаў, ляжаць газеты з добрымі думкамі (гэта я даў Быкаву нумары «БДГ», дзядзька ж Рыгор нёс у пакунку «Чонкіна» Уладзіміра Вайновіча з дарчым аўтографам аўтара Быкаву).
Ужо ў падземным пераходзе Быкаў папрасіў сябра не рэкамендаваць яго таксістам, бо, заўважыў, мінулым разам ён так «адрэкамендаваў» яго, што Быкаў вымушаны быў заплаціць удвая даражэй. Пры гэтым Васіль Уладзіміравіч прыгадаў Стэйнбека, які пісаў, што страта невядомасці ўскладняе жыццё… Ужо каля таксі яны расцалаваліся, і Быкаў паехаў «неадрэкамендаваны».
17 чэрвеня. Разам з Барадуліным і Бураўкіным былі ў Быкава ў Бараўлянах. Даўнія сябры, яны вельмі цёпла павіталіся, Рыгор Іванавіч і Генадзь Мікалаевіч нават пацалавалі рукі Быкаву… Былі мо гадзіну. Васіль Уладзіміравіч казаў, што даглядаюць яго тут добра, і дырэктар інстытута прыходзіў, і дзяўчаты-мядсёстры ўвесь час завітваюць. Праўда, два папярэднія дні было дужа цяжка. «Думаў, што сканаю», — сказаў Быкаў.
Барадулін і Бураўкін перадалі прывітанні ад агульных сяброў. Пасля Генадзь Мікалаевіч распавёў, што нядаўна ездзіў па родных мясцінах, народ, казаў, паўсюль бяднее… Не помню, у звязку з чым (мабыць, з-за барадулінскага ката Мірона) Быкаў раптоўна прыгадаў, што ў дзяцінстве ў яго быў кот, «здаравенны кацяра», казаў. Дык калі сойдзе снег, кот з хаты сыходзіў, а вяртаўся толькі перад маразамі. У якасці прабачэння заўсёды прыносіў труса і пасля цягнуў яго пад падстрэшша. Неяк прывалок такога вялікага труса, што не здолеў усцягнуць… «А яшчэ была кура, — працягваў Васіль Уладзіміравіч. — Раба. Несла самыя лепшыя яйкі ў свеце. Але мы іх не елі — бацька насіў прадаваць за пяць рублёў. За гэтыя грошы шмат чаго куплялі. Але аднойчы нашу Рабу каршун унёс».
Калі сабраліся сыходзіць, Быкаў нечакана запытаўся (я быў ужо на парозе): «А вы, Сярожа, напэўна, хочаце сфатаграфаваць?» Гэта дужа збянтэжыла, бо я не толькі ні пра што падобнае не пытаўся, бо бачыў, у якім стане Васіль Уладзіміравіч, — нават фотаапарат не даставаў з сумкі… Так я і фатаграфаў ці аднаго Быкава («Снимок на смертном одре», — з сумам заўважыў Васіль Уладзіміравіч), ці ўсіх разам — Бураўкін прысеў на быкаўскі ложак, Барадулін на падлогу…

Бараўляны. Рыгор Барадулін разам з Генадзем Бураўкіным у Васіля Быкава, 17 чэрвеня 2003 г.

Бараўляны. Рыгор Барадулін разам з Генадзем Бураўкіным у Васіля Быкава, 17 чэрвеня 2003 г.


На развітанне Быкаў сказаў сябрам: «Вы напомнілі мне маё здаровае мінулае». І перадаў прывітанне Дамінічцы і кату Мірону Барадуліна… Ужо на парозе дзядзька Рыгор нечакана запытаўся, мусіць, маючы мяне на ўвазе: «Васіль, можа, скажаш што-небудзь для газеты?», аднак Быкаў у адказ: «Потым».
Частка 2
Частка 3
Фота Сяргея Шапрана