Год таму пайшоў з жыцця Анатоль Мяльгуй

Год таму, 22 красавіка 2017 года, заўчасна пайшоў з жыцця музычны крытык, журналiст, пiсьменнiк, адзін з стваральнікаў рок-руху ў Беларусі наш калега Анатоль Мяльгуй.

anatol_myalguy_1_1.jpg


Анатоль Мяльгуй быў адным з самых вядомых сучасных беларускіх музычных крытыкаў i стваральнікаў рок-руху ў нашай краіне, аўтарам вялікай колькасці рэцэнзій і публікацый на музычную тэму. Ён удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў «Тры колеры-І» і «Тры колеры-ІІ» (у якіх упершыню на сцэну выйшлі гурты «Мроя», «Бонда» і іншыя). Сумесна з Вітаўтам Мартыненка выдаў кнігi пра айчынны рок — «Праз рок-прызму» і «222 альбомы беларускага року і ня толькі…». Апошняя была адзачана спецыяльным прызам на Рок-каранацыі-2006.
Анатолю Мiтрафанавiчу было 59 год…
За гэты год мы неаднойчы адчулі, як нам яго не хапае: бліскучага прафесіянала і проста добрага далікатнага чалавека.
Але Анатоль Мяльгуй пакінуў пасля сябе багатую спадчыну, частка якой захавана ў «Новым часе»
Дзякуй вам за ўсё, спадар Анатоль, і светлая памяць!