Калегі запусцілі сайт памяці Алеся Ліпая

Учора, 19 лістапада, пачаў працу сайт памяці заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, паэта Алеся Ліпая — naviny.by/ales.

lipay_bg2018_1000.jpg

Дата запуску была выбрана не выпадкова. 19 лістапада — дзень нараджэння БелаПАН. У гэтым годзе кампаніі споўнілася 28 гадоў.
Сайт беларускамоўны — Алесь Ліпай казаў, пісаў вершы па-беларуску і ў цэлым вельмі шмат зрабіў для таго, каб беларуская мова жыла і развівалася.
«Захоўваць памяць пра Алеся Ліпая — наш, белапанаўцаў, святы абавязак, — кажа дырэктар кампаніі Дзмітрый Наважылаў. — Мы — адна сям'я. Алесь — заснавальнік і нязменны кіраўнік БелаПАН — быў і застаецца вельмі блізкім, родным чалавекам для кожнага з нас. І мы заўсёды будзем захоўваць памяць аб ім».
Сайт складаецца з некалькіх раздзелаў: біяграфія Алеся Ліпая, яго журналісцкія працы, фатаграфіі і відэа з яго удзелам. На асобнай старонцы сабрана паэтычная спадчына Алеся. У раздзеле «Памяць» — інфармацыя пра тое, дзе ён пахаваны, спачуванні з нагоды яго заўчаснага сыходу. Кожны жадаючы можа ўшанаваць памяць Алеся Ліпая, пакінуўшы запіс у гэтым раздзеле.
Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі «Пад снегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта», у 2017-м — «Абдымкі».
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Мінская вобласць). У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты «Лірнік». У канцы 1980-х гадоў — удзельнік таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам «Радыё Свабода» ў Беларусі.
У 1991 годзе, падчас працы ў газеце «Знамя юнацтва», вёў беларускамоўную старонку «Родны схіл». Аўтар перакладу на беларускую мову дагавора аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш за тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садзе ў Мінску, браў інтэрв'ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.
Раптоўна памёр 23 жніўня 2018 года ў адной са сталічных клінік.
naviny.by