Марыянская ўпадзіна пачуццяў

На пачатку верасня шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды 50-гадовага юбілею прымаў у свой адрас беларускі пісьменнік, гісторык, перакладчык і мастак Юрась Кур’яновіч.

p1280959___555.jpg


У 2007 годзе пабачыла свет шостая (усяго іх на сёння 12) кніга юбіляра «Гарадская элегія». «Прачытаўшы яе літаральна нагбом, — узгадаў пры нядаўняй сустрэчы сябра Юрыя, пісьменнік і публіцыст, лаўрэат конкурсу «Залатое пяро Беларусі» Алесь Гібок-Гібкоўскі. — Я ўсвядоміў, што ў нашай літаратуры з'явіўся вельмі неардынарны, ні на каго не падобны, майстар слова. Вось паслухай цытату з той выдатнай кнігі апавяданняў:

«Я мару, каб кожны з нас у гэтым складана-рознакаляровым жыцці знайшоў сваю Марыянскую ўпадзіну пачуццяў, уласнага бачання свету і паспрыяў іншым людзям заглянуць туды — у бясконцую глыбіню, прымусіўшы інакш паглядзець на чалавека, успрыняць і зразумець яго... Ды не толькі яго, але і сябе...».
Прамоўленае найлепш характарызуе Юрася, як чалавека, дзейнасць якога накіравана на стварэнне культурных і духоўных каштоўнасцяў. У прыведзеных словах — бадай, квінтэсенцыя ўсіх яго творчых пошукаў і намаганняў».
З сябрам проста нельга не пагадзіцца. Заглянуць жа ў тую бясконцую глыбіню Юрасю Кур'яновічу дапамагае, як слушна заўважыла аўтар шэрагу кніг пра айчынную гісторыю Ірына Масляніцына, незвычайнае бачанне жыцця, шчаслівая звычка вылучаць ва ўсім, што існуе навокал, рысы непаўторнасці і, дадам, рысы годнасці, спагады і чалавечнасці. Гэта пачала дэманстраваць ужо першая празаічная кніжка аўтара — «Ён і Яна», якая нарадзілася ў 1996-м. Цікава, што праз год у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча я ўбачыў і... першую выставу карцін таленавітага эканаміста па адукацыі (Юрась пасля службы ў войску скончыў «нархоз») пад агульнай назвай «Варыяцыі на спрадвечнае», напісаных алеем на палатне. Прагледзеўшы карціны, Рыгор Барадулін сказаў, што «яны робяць нейкі магічны ўплыў, нездарма іх сем. Пасля іх прагляду мяне пакінуў галаўны боль».
Схіліўшыся над кнігай водгукаў, Рыгор Іванавіч экспромтам напісаў дарагое для таленавітага аўтара чатырохрадкоўе:
Мастак —разумнае дзіця,Ён ходзіць і на галаве.Сусвет жыцця і пачуццяУ творах Юрася жыве.
Усяго ж на рахунку Юрася Кур'яновіча 13 выстаў жывапісных твораў, прасякнутых беларускай тэматыкай і хрысціянскімі матывамі, а гэтаксама шэраг фотавыстаў. Адна з іх, «Успаміны дзяцінства», прысвечаная крупскай вёсцы Вялікае Восава, у якой нарадзілася маці мастака, сваячка нашага вядомага касманаўта Ніна Сцяпанаўна Кавалёнак, уражвае асабліва. Сёння жывапісец працуе, па асабістым прызнанні, над вялікай карцінай, цэнтральны план якой займае хата ягонай бабулі па маці Марыі Рыгораўны.
Пры ўсім Кур’яновіч зусім не лічыць, што публіцыстыка, краязнаўства, мастацтва, фатаграфія, якімі ён паспяхова займаецца, менш вартыя накірункі дзейнасці, чым мастацкая проза, якая займае апошнім часам у яго шматграннай творчасці не так багата месца, як, напрыклад, гісторыка-даследчыцкая. Больш за тое, апошняя стала, лічу, стыхіяй літаратара. Сардэчна і ўдзячна ўспамінаю сёння незабыўную прэзентацыю шырокавядомай сярод аматараў айчыннай гісторыі кнігі «Аповеды старасвецкай Лошыцы», на якую адгукнуўся ў свой час рэцэнзіяй. Чытачы даведаліся тады і пра гісторыю найпрыгажэйшай на нашай тэрыторыі Лошыцкай сядзібы — аднаго з самых папулярных цяпер турыстычных маршрутаў, і пра былых гаспадароў Лошыцы паноў Прушынскіх, імя якіх носіць сёння адна з мінскіх вуліц, ды паноў Любанскіх. І праз гады адчуваю салодкі подых узнёслай рамантыкі са старонак згаданых «Аповедаў...», якія з'яўляюцца першай і пакуль адзінай кнігай па гісторыі помніка сядзібна-паркавага мастацтва Беларусі ХVIII-XIX стагоддзяў. Пасля выхаду выдання ў свет пісьменнік працягнуў сур'ёзна займацца сваёй навуковай дзейнасцю.
Інакш, здаецца мне, і быць не магло, бо ён скончыў аспірантуру педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Тэмай навуковай работы з'явілася гісторыя беларускай міліцыі да Вялікай Айчыннай вайны. Уважлівы, добра падрыхтаваны даследчык стаў аўтарам-укладальнікам першых кніг па гісторыі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, крымінальнага вышуку, падраздзяленняў па наркакантролі і процідзеянню гандлю людзьмі. Як зазначыў у нашай размове настаўнік Юрыя, прафесар Акадэміі МУС, доктар гістарычных навук, заслужаны работнік адукацыі рэспублікі Аляксей Вішнеўскі, яго таленавіты вучань і паслядоўнік асабліва глыбока ведае нялёгкі шлях барацьбітоў са злачыннасцю на самым пачатку іх дзейнасці. Ён вельмі ўдумліва і, што асабліва важна, крытычна адносіцца да гістарычных дакументаў і паведамленняў рознай дакладнасці, накіраванасці і прыналежнасці. Ні ў якім разе не з’яўляецца проста статыстыкам, а дэталёва і падрабязна разглядае, аналізуе здабытыя матэрыялы (ён мае схільнасць да аналітычных разважанняў) і робіць пасля гэтага найбольш дакладныя высновы. Так было пры падрыхтоўцы кніг «Есть такая служба» (2002), «Белорусский уголовный розыск» (выданні 2003, 2008, 2013 гадоў) і «Необъявленная война» (2006). Пры гэтым, як сапраўдны даследчык, што таксама адзначыў Аляксей Фёдаравіч, Юрый умее, у адрозненне ад іншых, звязаць падзеі даўніны з днём сённяшнім, паказваючы сувязь пакаленняў, іх пераемнасць і вернасць свайму народу.
Ён і сам — прыклад служэння беларусам і Беларусі, за якую перажывае ўсёй сваёй трапяткою душою, асабліва за родную мову, на якой цудоўна піша, якой пастаянна карыстаецца і якую заўсёды прапагандуе. Па словах самога юбіляра, асэнсаваць сябе не проста беларусам па нараджэнні, але, у першую чаргу, беларусам па нацыянальнасці яму дапамагло вясковае атачэнне: гаворка дзеда і бабы, маляўнічыя краявіды, чыстае паветра, крынічная вада, прыгажуні-ліпы, старая школьная хата, немудрагелістыя сялянскія прылады, ратавальная драўляная люлька, ў якой калыхалі мама ды бабка. Усё гэта навучыла будучага даследчыка гісторыі краіны па-сапраўднаму любіць, цаніць і зберагаць у душы ўсё роднае. Ён быў першым, хто распавёў у рэспубліканскім друку пра таямнічы крыж на Барысаглебскіх могілках у Тураве, пасля чаго туды пачалі прыязджаюць вандроўнікі з розных краін свету.
Патрыёт краіны, шчыры беларус, ён заўжды адчувае важнасць і неабходнасць даследавання міліцэйскіх кладовак мінуўшчыны. Цягам 20 гадоў руплівай працы ў айчынных і расійскіх установах для захоўвання старых, старадаўніх дакументаў ажыццявіў, пэўна, самы вялікі ў Беларусі асабісты збор рукапісаў, даведак, пастаноў, загадаў, пісьмаў, выданняў, фотаздымкаў, маючых непасрэднае дачыненне да дзейнасці органаў унутраных спраў. І сёння мае магчымасць дзяліцца карыснымі ведамі са сваімі калегамі-даследчыкамі. Між іншым, у яго «жывуць» усе дадзеныя па ўсіх даваенных начальніках айчыннай міліцыі. На дзіва, пра гэтых людзей мы нават не ўзгадваем, распавядаем чамусьці пра наркамаў унутраных спраў. Каб выправіць «гістарычную несправядлівасць», Кур’яновіч марыць выпусціць свой аўтарскі даведнік з біяграфіямі ўсіх начальнікаў беларускай міліцыі. Знойдуць у даведачнай кнізе месца і многія старыя ды забытыя намі сведчанні гісторыі.
Новыя ж, асобныя, паведамленні майстра слова і пэндзаля знайшлі месца напярэдадні ягонага юбілею ў «Дыярыушу беларускага падарожніка», надрукаваным у адным з айчынных часопісаў. Сваю Марыянскую ўпадзіну пачуццяў, якімі багаты і згаданы дзённік, Юрый Кур’яновіч паспяхова знайшоў.