Моладзь БНФ патрабуе ўшанавання памяці пра Ларысу Геніюш
#Геніюш2016 — кампанія Моладзі БНФ за рэабілітацыю Ларысы
Геніюш. На першым этапе актывісты арганізацыі збіралі подпісы за яе
рэабілітацыю і будуць далей працягваць збор подпісаў, але разам з тым
пачынаецца другі этап кампаніі.
На гэтым этапе актывісты моладзевай арганізацыі паспрабуюць дамагчыся перайменавання вуліцы ў гонар славутай паэткі, усталявання помніка Ларысе Антонаўне, а таксама правядуць шэраг мерапрыемстваў у яе гонар.
Сёння кіраўнік моладзевай арганізацыі Юрый Лукашэвіч накіраваў просьбу да старшыні Зэльвенскага райвыканкаму пра перайменаванне адной з вуліц у гонар Ларысы Геніюш, наданне паэтцы статуса ганаровага жыхара г.п.Зэльва, а таксама з просьбай правесці вечарыны памяці, літаратурныя чытанні імя Ларысы Геніюш у вучэбных установах Зэльвы і выказаў гатоўнасць ад імя арганізацыі дапамагчы з правядзеннем такіх мерапрыемстваў пры неабходнасці.
У выпадку адмовы актывісты ўсё роўна будуць праводзіць такія мерапрыемства на сваіх пляцоўках, працаваць над папулярызацыяй творчасці Ларысы Антонаўны Геніюш і ўшаноўваць памяць пра яе ўсімі магчымамі сродкамі.
Таксама ў хуткім часе прадстаўнікі моладзевай арганізацыі паспрабуюць дамагчыся сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства культуры, каб перадаць свае прапановы па кампаніі.
Звяртаемся з просьбай да ўсіх грамадзскіх, палітычных арганізацыяў, якія гатовыя дапамагчы ў зборы подпісаў, арганізацыі мерапрыемстваў, далучыцца да кампаніі і разам дамагчыся не толькі рэабілітацыі Ларысы Геніюш, але і папулярызацыі яе творчасці сярод мільёнаў беларусаў. Жыве Беларусь!
Прэс-служба Моладзі БНФ