Пайшоў з жыцця беларускі паэт і літаратуразнаўца Алесь Баршчэўскі
На 92-м годзе жыцця памёр беларускі паэт і літаратуразнаўца Аляксандр Баршчэўскі, які жыў у Польшчы.
Нарадзіўся ён 2 лістапада 1930 у вёсцы Бандары, што ў Беластоцкім ваяводстве Польшчы.
Аляксандр Баршчэўскі быў даследчыкам беларускага фальклору і эміграцыйнай літаратуры. Шмат гадоў ён узначальваў кафедру беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Яго называлі «бацькам беларусістаў». Дзякуючы яму навука пра беларускую мову і літаратуру пайшла за апошнія дзясяткі гадоў далёка наперад.
У 2004 годзе выйшла яго кніга «Беларуская эміграцыйная пісьмовасць». Ён усюды падкрэсліваў важнасць мовы ў працэсе станаўлення нацыі. Ён быў аўтарам звыш 100 навуковых публікацый, а таксама паэтычных зборнікаў «Белавежскія матывы», «Жнівень слоў», «Мой бераг», «Блізкасць далёкага», «Лірычны пульс» і інш.
Баршчэўскі ўзначальваў Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа» і шмат гадоў супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй «Польскага радыё». Быў аўтарам перадач пра фальклор, традыцыйную культуру, літаратуру беларусаў замежжа.