Памерла Вольга Качан, беларуская дзяячка і аўтарка «Уцёкаў з «раю»
З спазьненьнем да нас у Эўропу даляцела сумная вестка: 23 студзеня 2023 году ў далёкай Аўстраліі ў Пэрце на 95-ым годзе жыцьця памерла ўкраінска-беларуская дзяячка Вольга Качан.
![Вольга і Аркадзь Качаны Вольга і Аркадзь Качаны](/img/v1/images/olga_and_arkadz.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вольга і Аркадзь Качаны
Вольга нарадзілася на Валыні ва ўкраінскай сям’і. Навучалася ў Варшаве, потым у Чэхаславаччыне. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1950-м перабралася ў Аўстралію, дзе пабралася шлюбам зь беларусам Аркадзем Качаном (1921 — 1982), вядомым грамадзкім і вайсковым дзеячом беларусаў Аўстраліі. Вольга і Аркадзь пазнаёміліся яшчэ ў лягеры для перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Праз мужа Вольга далучылася і да беларускай справы.
Мела выдатныя моўныя здольнасьці: яшчэ ў вайну працавала перакладніцай ва ўстановах ЮНРРА (Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па дапамозе і аднаўленьні) і ІРО (міжнародная арганізацыя справаў уцекачоў) у Нямеччыне. Ліставалася на выдатнай беларускай мове з лёнданскай Скарынаўкай, галоўным чынам з айцом Аляксандрам Надсанам. У Скарынаўцы захоўваюцца як уласна лісты Вольгі Качан, так і супольныя з мужам лісты. Словам і грашыма падтрымлівала беларускую справу: ахвяравала на Скарынаўку і на беларускія газэты Аўстраліі.
![olga_at_graduation_with_brother_nich.webp olga_at_graduation_with_brother_nich.webp](/img/v1/images/olga_at_graduation_with_brother_nich.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пасьля сьмерці мужа ў 1982 годзе падтрымлівала сувязі з Скарынаўкай, Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва. Пісала пра беларусаў Аўстраліі па-ангельску, напрыклад, у 1988 годзе ў энцыкляпэдыі «The Australian People: an Encyclopedia of the Nation, its People and their Origins» («Аўстралійскі народ: энцыкляпэдыя нацыі, ейных людзей і іх паходжаньня»).
Таксама пакінула ўспаміны па-ангельску пра гады, праведзеныя ў Польшчы, Чэхаславаччыне і Нямеччыне. У сеціве былі разьмешчаныя ўрыўкі ўспамінаў пад назвай «Уцёкі з «раю».
![Вольга Качан, 1948 год. Вольга Качан, 1948 год.](/img/v1/images/1948_olga_swiderski_in_burgdorf.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вольга Качан, 1948 год.
У 1966 годзе скончыла Сыднэйскі ўнівэрсытэт (атрымала дыплём бакаляўркі псыхалёгіі з адзнакай першай ступені), а ў 1972 годзе атрымала ступень магістаркі. У 1966 годзе яна пачала працаваць выкладніцай псыхалёгіі, а ў 1988 годзе стала старэйшай выкладніцай катэдры псыхалёгіі ў Сыднэйскім унівэрсытэце ў Аўстраліі.
У траўні 2019 году Вольга Качан была ўзнагароджаная Падзячнай граматай імя Жаны Арно за ейны ўнёсак у паляпшэньне становішча жанчынаў і служэньне грамадзтву. Займалася псыхалінгвістыкай, мела акадэмічныя публікацыі на тэму псыхалягічных асноваў, аспэктаў білінгвізму. Асаблівую ўвагу прыцягнуў у 80-ыя гады мінулага стагодзьдзя ейны тэкст «Early Bilingualism: Friend or Foe?» («Раньні білінгвізм: сябар ці вораг?»).
![Вольга Качан у 2016-м Вольга Качан у 2016-м](/img/v1/images/olga_in_2016.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вольга Качан у 2016-м
Пасьля сьмерці Аркадзя Качана пабралася шлюбам з вайсковым лекарам польскага паходжаньня Рамуальдам Стажэцкім. Але перажыла і другога мужа.
Жыла на пэнсіі ў Сыднэі да 2021 году. У 2021 годзе перабралася да сына Джорджа ў Пэрт. Пахаваная ў Сыднэі.