Адышоў у лепшы свет Анатоль Мяльгуй

Сёння пайшоў з жыцця музычны крытык, журналiст, сталы аўтар Новага часу", пiсьменнiк Анатоль Мяльгуй. Не вытрымала сэрца. Анатоль Мяльгуй быў адным з самых вядомых сучасных беларускіх музычных крытыкаў i стваральнікаў рок-руху ў нашай краіне, аўтарам вялікай колькасці рэцэнзій і публікацый на музычную тэму.

anatol_myalguy_1.jpg


Развітанне з Анатолем адбудзецца 26 красавiка а 13.00 ў рытуальнай зале крэматорыя Паўночных могілак.
Анатоль Мяльгуй быў адным з самых вядомых сучасных беларускіх музычных крытыкаў i стваральнікаў рок-руху ў нашай краіне, аўтарам вялікай колькасці рэцэнзій і публікацый на музычную тэму. Ён удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў «Тры колеры-І» і «Тры колеры-ІІ» (у якіх упершыню на сцэну выйшлі гурты «Мроя», «Бонда» і іншыя). Сумесна з Вітаўтам Мартыненка выдаў кнігi пра айчынны рок — «Праз рок-прызму» і «222 альбомы беларускага року і ня толькі…». Апошняя была адзачана спецыяльным прызам на Рок-каранацыі-2006.
Анатолю Мiтрафанавiчу было 59 год… У снежні мы збіраліся адзначыць яго 60-годдзе...
Яшчэ пару дзён таму мы з ім размаўлялі, абмяркоўвалі планы на будучыя артыкулы. Ён быў поўны ідэй і планаў.
Рэдакцыя вельмі смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні сваякам і блізкім спадара Анатоля. Ён толькі на год перажыў свайго сябру і паплечніка Вітаўта Мартыненку, які сышоў з жыцця 17 красавіка 2016 года. Нам будзе яго вельмі не хапаць. Светлая памяць!..