Памёр кіраўнік канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін
Памёр Уладзімір Карагін, вядомы як лідар шэрагу аб'яднанняў прадпрымальнікаў. Адной з магчымых прычын смерці блізкія да Карагіна крыніцы называюць каронавірус.
У апошні час Уладзімір Карагін быў старшынёй вышэйшай каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. Займаў мноства іншых грамадскіх пасад у Беларусі і міжнародных структурах: напрыклад, у прэзідыуме Еўрапейскай канфедэрацыі асацыяцый малых і сярэдніх прадпрыемстваў (Брусель).
Уладзімір Карагін нарадзіўся 20 красавіка 1952 года ў Пскове. У савецкі час быў вядомы ў БССР і ў цэлым па СССР як менеджар будатрадаў. Працаваў на будаўніцтве БАМа. Затым да 1992 года быў выкладчыкам у БДУ. У 1993-м стаў заснавальнікам і рэктарам прыватнай Акадэміі парламентарызму і прадпрымальніцтва. Да свайго скону заставаўся там ганаровым рэктарам.
З 1989 па 1999 год быў дэпутатам Мінгарсавета. Дайшоў да пасады першага намесніка старшыні.
У бізнес-саюзах удзельнічаў яшчэ з часоў буму кааперацыі — з 1988 года. Па яго ініцыятыве створаны саюзы вытворчых кааператываў БССР, Беларусі, Беларускае таварыства абароны спажыўцоў, Беларускі саюз падаткаплацельшчыкаў і г.д.
Карагін быў членам многіх грамадска-кансультатыўных саветаў пры розных міністэрствах.
Як растлумачылі ў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, пакуль дакладна невядома, дзе адбудзецца развітанне з Карагіным і яго пахаванне. Ці варта арганізоўваць грамадзянскую паніхіду, будуць вырашаць сваякі памерлага. Хутчэй за ўсё, дакладная інфармацыя будзе 3 лістапада.
Дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы паведамілі Office Life, што ва Уладзіміра Карагіна быў СOVID-19, і гэта магло быць прычынай смерці.
Некалькі дзён таму сам Карагін меркаваў, што ў яго ўсё ж няма каронавіурса.