Памёр знакаміты беларускі мастак Леанід Шчамялёў
Сёння, 14 студзеня, на 98-м годзе жыцця памёр знакаміты беларускі мастак Леанід Шчамялёў. Пра гэта паведаміў tut.by са спасылкай на Беларускі саюз мастакоў.
Леанід Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску, дзе прайшло яго дзяцінства. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (вучань народнага мастака Віталя Цвіркі). Шчамялёў скончыў інстытут у 1959. Пасля смерці настаўніка пераехаў у ягоную майстэрню.
Леанід Шчамялёў выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, а таксама ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка і Беларускім політэхнічным інстытуце.
З'яўляўся першым сакратаром праўлення Беларускага саюза мастакоў (1977-1982), узначальваў праўленне мастацкага фонду БССР (1982-1987), быў старшынёй Рады Беларускага саюза мастакоў (2002-2005).
У 1983 годзе яму было прысвоена званне народнага мастака Беларусі.
— Чалавек дзіўнага творчага лёсу, які ўнёс вялікі ўклад у скарбніцу нацыянальнай выяўленчай культуры. «Мае палотны — мае дзённікі» — зазначаў Леанід Шчамялёў. Партрэты балерыны Людмілы Бржазоўскай, мастака Віталя Цвіркі, пісьменніка Якуба Коласа… Гарадскія пейзажы Мінска, Віцебска… Малюнкі з падарожжаў па Сярэдняй Азіі, Поўначы… Сюжэты са вяселлямі, святы… А якая казачная вада ў яго жывапісных рэках і азёрах!.. На адным з самых вядомых палотнаў «Нібы ў сне» ён разам з жонкай Святланай узлятае на чароўным скакуне і лунае над роднай Беларуссю…, — адзначае Беларускі саюз мастакоў.
Яго працы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. У 2003 годзе ў Мінску адкрыта Гарадская мастацкая галерэя Леаніда Шчамялёва. У аснове экспазіцыі-карціны, якія майстар падарыў гораду.
— Я 70 гадоў займаўся адной справай, працаваў амаль кожны дзень. Пражыў жыццё так, як хацеў, — казаў Шчамялёў.