Пра фатографа Альфрэда Мікуса, які любіў Беларусь

12 ліпеня памёр фатограф Альфрэд Мікус. Мы былі знаёмыя з 2016 года. У такі час хочацца дзяліцца ўспамінамі.
Зусім малады мужчына, усяго 2 дні не дажыў да 56 год. Іронія ў тым, што Альфрэд пайшоў з жыцця ў Дзень фатографа, да таго ж знаходзячыся «на заданні», падчас фэсту традыцыйнай культуры «Пятровіца». Ён быў поўны творчай энергіі, меў шмат рэалізаваных праектаў і планаў. Часам Альфрэда звалі «самы тытулаваны фатограф Беларусі», бо ён вельмі любіў удзельнічаць у конкурсах і часта перамагаў. Рыхтуючы матэрыял пра яго выставу «Палешукі» трапіла ў госці, каб разам адабраць фота для публікацыі. Тады Альфрэд паказаў мне цэлы стол, заняты дыпломамі розных конкурсаў, і альбомамі, дзе друкаваліся яго работы. Усё гэта з розных краін. Спачатку падумалася, што такое імкненне ўсюды ўдзельнічаць сведчыць пра раздзьмутае эга, такое мужчынскае самалюбаванне. Толькі пазней прыйшло разуменне, што Альфрэд дэманстраваў у першую чаргу не сябе, а людзей, якіх сустрэў, цікавосткі, якія пабачыў, проста любіў Беларусь. Ужо згаданая выстава «Палешукі» была цалкам складзена з фота, знятых у 2016-м годзе на Троіцу. Мы тады ездзілі па Гомельшчыне разам з Альфрэдам і нашымі сябрамі — аматарамі вандровак. Я свае здымкі з той паездкі часткова апублікавала ў сацыяльных сетках, нешта выкарыстала для артыкулаў. А Альфрэд адразу думаў маштабна: зрабіў фотавыставу ў Мінску, потым экспанаваў выявы ў Італіі… Яго сябра Дмітрый Дмітрыеў узгадвае, як той казаў: «Не здымай у стол! Паказвай людзям, удзельнічай у конкурсах — толькі так пра нас могуць даведацца!»

А пазнаёміліся мы з Альфрэдам дзякуючы «Новаму Часу»: я прапанавала рэдакцыі зрабіць матэрыял пра яго выставу «Шчаслівыя разам». І гэта быў, дарэчы, мой першы аўтарскі матэрыял у НЧ, у лютым 2016 г. Прыйшла ў памяшканне народнага фотаклуба «Мінск», думала, зараз хуценька вазьму каментар, а падчас наступнай сустрэчы фатограф пра мяне і не ўзгадае. Але мы пасябравалі. Напэўна, як з усімі сваімі знаёмымі, Альфрэд не мог застацца проста знаёмым: завязаўся кантакт, ён шмат распавядаў пра сябе, пазнаёміў з жонкай, з'явіліся супольныя творчыя планы… У наступныя пару год мы некалькі разоў выбіраліся разам з іншымі аматарамі беларускай традыцыйнай культуры на вясковыя святы.

Сябры часта ўзгадваюць «фірмовую» ўсмешку Альфрэда. І героі на фота яму адказваюць! Пішучы пра выставу «Любаншчына традыцыйная» я назвала артыкул «Фатограф, якому пасміхаюцца нават гуркі». Памятаю, як пытала яго, ці не саромеецца ён вось проста так здымаць партрэты, часта незнаёмых людзей, на вуліцы. І Альфрэд адказаў, што звычайна з гэтым няма праблем, героі бачаць прыхільнае стаўленне да сябе і раскрываюцца. У рэдкіх выпадках, калі чалавек усё ж быў незадаволены, фатограф падыходзіў да яго, канечне, пасміхаўся, паказваў здымак і казаў: «Глядзіце, як вы добра атрымаліся!»

У апошнія гады ў мяне ўжо рэдка атрымлівалася выбірацца ў супольныя вандроўкі з Альфрэдам. Ён па-сапраўднаму зацікавіўся беларускай традыцыйнай культурай, рабіў уласныя творчыя фотапраекты ў гэтай галіне, я рабіла свае, больш навуковыя. Мы рэдка бачыліся, я толькі віншавала яго з выхадам чарговых фотаальбомаў. Альфрэд здымаў палескіх бортнікаў, працягваў ездзіць на вясковыя святы, шмат часу бавіў на Любаншчыне.

І вось ранкам 12 ліпеня, падчас фэсту традыцыйнай культуры «Пятровіца» ў вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна, яго не стала. Адарваўся тромб. Спачуванні родным і сябрам. Светлая памяць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: