Раварыст праехаў 100 кіламетраў для ўдзелу ў «Партызанскім маршы», і столькі ж — дадому
Аляксандр Рыбко жыве ў Слуцку. Каб прыняць удзел у нядзельным «Партызанскім маршы» ў Мінску, пераадолеў каля 200 кіламетраў на ровары: выехаў у 9.30 раніцы, назад вярнуўся ўжо за поўнач.
Аляксандру 41 год, па прафесіі ён бухгалтар.
— Гэта мая ўжо пятая паездка са Слуцка ў Мінск на ровары, але першая з дарогай туды і назад у адзін дзень — распавядае мужчына. — Раней дабіраўся на маршрутцы. Ідэя выбраць ровар з’явілася з любові да такога катання, а яшчэ на маршы так зручней даганяць калону.
Ровар у Аляксандра каля шасці гадоў, але паездкамі на далёкія дыстанцыі бухгалтар захапіўся толькі сёлета:
— Увесну і ўлетку, калі дазвалялі светлавы дзень і надвор’е, праязджаў каля 60 кіламетраў штодня, з абавязковай расцяжкай пасля дыстанцыі для аднаўлення.
У трэніроўках давялося зрабіць вымушаны перапынак, удакладняе ён — з 10 жніўня да 6 верасня. Як распавядае Аляксандр, 10 жніўня яго затрымалі з ужываннем сілы на плошчы Свабоды ў Мінску. З Цэнтральнага РАУС ён трапіў у ІЧУ ў Жодзіна.
— Мяне адпусцілі праз трое сутак, і я выйшаў адтуль ні асуджаны, ні як-небудзь задакументаваны. Кажу пра гэта, бо пасля, праз тыдзень, я быў зноў прыцягнуты, і ў базе нідзе не праходзіў. Другое затрыманне было 20 жніўня каля прахадной МАЗ: за ўдзел у акцыі па прызыву да страйку апынуўся асуджаны па «класічным» артыкуле 23.34, прысуд — 20 базавых.
Пасля першага затрымання, кажа Аляксандр, яму прыйшлося звяртацца за медыцынскай дапамогай: боль у левым баку турбавала яшчэ на працягу месяца. Тады ж знік і яго ровар — вярнуць атрымалася толькі 6 верасня.
— Я ўжо пачаў шукаць яго праз Інтэрнэт, але аказалася, той быў у МУС — удакладняе Аляксандр.
Паездка на «Партызанскі марш» са Слуцка ў Мінск 18 кастрычніка далася нялёгка, але вяртацца было яшчэ складаней:
— Таму што ехаць дадому давялося ўжо ў цемры, плюс сустрэчны вецер, дождж ... адчувалася, што ёсць падвышаны ціск, бо гэта для мяне яшчэ стрэсавая дыстанцыя. Арганізм атрымаў такую нагрузку ўпершыню.
Вярнуўшыся ў Слуцк, Аляксандр запісаў кароткі відэазварот: прысвяціў свае 200 кіламетраў на ровары палітвязням і затрыманым за ўдзел у акцыях пратэсту. І на наступны дзень ужо правёў аднаўленчую трэніроўку:
— Праехаў 20-30 кіламетраў, самаадчуванне — нармальнае.
Паводле TUT.BY