Рыгор Кастусёў: «17 дзён спаў на падлозе і задыхаўся ад спёкі ў камеры СІЗА КДБ»

Адвакат Інэса Аленская 6 ліпеня наведала старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў турэмным шпіталі СІЗА №1, куды палітык быў экстранна пераведзены 2 ліпеня з СІЗА КДБ.

eriiijdxcaijapb.jpg


Дыягназ не вядомы ні самому хвораму, ні яго сям’і, ні адвакату. Рыгор Кастусёў кажа аб праблемах з сэрцам, ацёках і зблытанай свядомасці, паведамляе АФН са спасылкай на БелаПАН.

«Рыгор Андрэевіч цяпер адчувае сябе лепш. Сказаў, што нарэшце надыхаўся паветрам з моманту затрымання, таму што ў СІЗА КДБ паветра няма наогул, там ён задыхаўся як рыба», — распавяла Інэса Аленская.

Пагаршэнне здароўя ў яго пачалося даўно, паведаміла адвакат. Спачатку прычынай паслужыла тое, што палітык 17 дзён — з 12 да 29 красавіка — быў вымушаны спаць на падлозе камеры пад шконкай дырэктара «Мінскканцэрта», у выніку чаго прастудзіўся.

«У СІЗА КДБ Рыгор Кастусёў утрымліваўся ў трохмеснай камеры. Разам з ім сядзеў Віктар Бабарыка. Калі Кастусёў быў змешчаны ў гэтую камеру, яна ўжо была ўкамплектаваная, і для яго, як для зноў прыбыўшага, у камеры не знайшлося спальнага месца, пры гэтым мяняцца ложкамі або саступаць свой забаронена, нават прысесці нельга на чужое месца — гэта парушэнне», — распавяла Аленская.

18 чэрвеня адвакат наведвала Кастусёва ў СІЗА КДБ і, даведаўшыся ад яго пра праблемы са здароўем, неадкладна падала хадайніцтва аб аказанні яе падабароннаму медыцынскай дапамогі з накіраваннем у рэспубліканскую бальніцу на Валадарскага. Лячэнне, са слоў следчага, які быў на сувязі з Інэсай Аленскай, было пачата на працягу гадзіны пасля падачы хадайніцтва.

«Яму выпісалі пяць прэпаратаў: два з іх былі ў наяўнасці ў СІЗА КДБ, а тры сказалі перадаць з волі. Для таго, каб паведаміць аб неабходных леках, Рыгор Кастусёў напісаў ліст родным. Пакуль сваякі яго атрымалі і прынеслі лекі, прайшло дзесяць дзён, і гэтыя медыкаменты ўжо былі неактуальныя. Такім чынам лячэнне было няпоўным: з пяці лекаў мой кліент меў магчымасць прымаць толькі два», — паведаміла Аленская.

6 ліпеня Рыгор Кастусёў распавёў адвакату, што пастаянная спякота ў камеры, якая прыйшла ў Мінск у другой палове чэрвеня, паслужыла прычынай сардэчнага прыступу.

У перадачы вентылятараў адміністрацыя СІЗА КДБ зняволеным у гэтай камеры адмаўляла — такія заявы рэгулярна падаваў Віктар Бабарыка. Кастусёў таксама падаваў заявы аб дазволе атрымаць ад блізкіх вентылятар і тэлевізар, але атрымаў адмовы.

«Рыгор Андрэевіч распавёў, што спякота і духата ў камеры стаяла такая, што ўсё мокла. З вентыляцыі — толькі маленькае акенца пад столлю. Таблетка, якая выдавалася Рыгору Андрэевічу лекарам для прыёму раніцай, за ноч проста рассыпалася ад вільгаці. На падлозе — балота, мокрыя коўдры, на сценах кандэнсат. Ён не мог спаць, кожную ноч станавілася дрэнна. Уставаў, абліваўся вадой і толькі тады сэрца трошкі суцішвалася. Кожны дзень вельмі чакаў шпацыр, які быў гадзіну-паўтары, каб хаця б падыхаць паветрам», — паведаміла адвакат.

У палітыка падымаўся ціск і было дрэнна з сэрцам, моцна ацякалі ногі. Лекар даваў лекі, але 30 чэрвеня ацёкі наогул перасталі спадаць, і Кастусёву зрабілі ЭКГ. Са слоў Аленскай, пацыенту не паведамілі аб выніках даследавання.

У ноч на 1 ліпеня палітык стаў задыхацца, спаць не мог. 2 ліпеня да Кастусёву падышоў следчы, справіўся аб яго здароўе і ўбачыў страшныя ацёкі. У гэты ж дзень Кастусёў быў дастаўлены ў медустанову для правядзення УГД сэрца. Пасля УГД паступіла каманда збіраць рэчы, і Кастусёў быў шпіталізаваны ў Рэспубліканскую турэмную бальніцу ў СІЗА №1.

«Як сказаў мой кліент, яго перавозілі ў “стакане”, але з паслабленнямі: рукі ў кайданках дазволілі трымаць спераду, а не ззаду, як звычайна. Аб выніках УГД не паведамілі. Кастусёў кажа, што ён быў як у тумане, дрэнна памятае, што адбывалася, яму ўвесь час было дрэнна. Са слоў Рыгора Андрэевіча, ён пачуў размову медыкаў аб перанесеным на нагах інфаркце, але не зразумеў, пра каго ішла гаворка. Аднак сёння начальнік медыцынскай службы СІЗА № 1 на маё пытанне, ці можа быць, што Кастусёў перанёс інфакт, адказаў “Не” і тут жа дадаў, што вынікі па першай ЭКГ і УГД да іх яшчэ не паступілі. Аналіз крыві, узяты ля Кастусёва ўчора, будзе гатовы толькі праз дзесяць дзён», — паведаміла Аленская.

64-гадовага Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ. 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей. Сярод затрыманых адвакат Юрый Зянковіч, паліттэхнолаг Аляксандр Фядута і палітык Рыгор Кастусёў.

Затрыманым прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.