У Мінску развіталіся з Васілём Сёмухам
У Мінску сёння развіталіся з перакладчыкам Васілём Сёмухам, які сышоў у іншасвет 3 лютага на 84-м годзе жыцця.

Фота Радыё Свабода
Развітанне адбывалася ў рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага. Потым нябожчыка павезлі ў крэматорый на Паўночных могілках Мінска.

Фота Радыё Свабода
Васіль Сёмуха — слынны беларускі перакладчык, аўтар перакладаў на беларускую Бібліі, Старога і Новага Запаветаў, «Фауста» Гётэ. Быў адзначаны высокімі ўзнагародамі Германіі і Латвіі, меў Дзяржпрэмію імя Якуба Коласа. 18 студзеня яму споўнілася 83 гады.

Спадчына Васіля Сёмухі. Фота Радыё Свабода
Аддаць даніну памяці Васілю Сёмуху прыйшлі многія знакамітыя беларусы: паэт Уладзімір Някляеў, кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, доктар сакральнай тэалогіі, філосаф Ірына Дубянецкая, перакладчык Лявон Баршчэўскі, мовазнаўца Вінцук Вячорка, выдавец Зміцер Колас і іншыя.
Фота Радыё Свабода
Перакладчыка пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам.