Валерый Мазынскі: Абарона свайго краю ніколі не скончыцца, гэта наш лёс
Свабода патрабуе ахвяры, і лёс Беларусі — у вечным змаганні за сваю краіну.
Кінарэжысёр Валерый Мазынскі сёлета стаў лаўрэатам прэміі “За Свабоду думкі”, якую традыцыйна Рух “За Свабоду” ўручаў на сядзібе Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне.
Спадар Мазынскі пагадзіўся распавесці Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” пра тое, што для яго значыць свабода і як можна да яе прыйсці.
— Ці адчуваеце вы сябе свабодным, і што гэта значыць для вас?
— Гэта складанае пачуццё — свабода. Чалавек, відаць, ніколі не бывае свабодным поўнасцю, бо ўвесь час ад некага ці ад нечага залежыць. А калі казаць пра больш глабальны сэнс, то тут прырода мая патрабуе гэтай свабоды. Не ведаю, наколькі я свабодны ад людскіх узаемаадносін. Гэта вызначаецца па ўчынках, а не па словах.
— Наколькі лёгка сёння ў Беларусі думаць свабодна і гэтую думку выказваць?
— Можна, дзякуй Богу, пакуль у нас не вярнуліся перадваенныя гады. Сваю думку можна выражаць, але за кожны крок ты мусіш быць гатовым заплаціць. Але свабода вартая гэтага, яна патрабуе ахвяры. І не толькі ў сённяшняй нашай сітуацыі, калі ў нас у краіне складанае становішча з ёй, гэта заўсёды будзе. Я лічу, што мастак заўжды мусіць быць да любой улады ў апазіцыі. Але калі гэткая ўлада ёсць, і я не самотны ў гэтай справе, то мы мусім думаць, як мяняць уладу. Яна ж таму і прыціскае, абмяжоўвае, бо гэта самы просты спосаб кіравання. Ну і для мяне тады важны ўжо не мой асабісты дабрабыт, а гармонія, якая праглядаецца праз прызму краю, дзе я жыву.
— Ці ёсць у нашай краіне людзі, якіх вы маглі б назваць свабоднымі?
— Заўсёды ў жыцці шукаеш духоўнага апірышча, адноснага ідэалу — бо поўнага ідэалу чалавека не бывае. Усё ацэньваецца ахвярай, якую чалавек гатовы прынесці. І ёсць пэўныя асобы, якія з’яўляюцца сумленнем для мяне. Той жа Каліноўскі, Лапіцкі,Ларыса Геніюш. Міхась Чарняўскі —я зрабіў фільм пра яго.Толькі маладым трэба яшчэ больш расказваць пра такіх людзей. Ён пра сябе абсалютна не напамінаў, быў увесь час у ценю, але кожную хвіліну свайго жыцця аддаваў Беларусі. Гэта ўнікальны чалавек, такая глыбіна, што я яшчэ не да канца ўсвядоміў яго. Мы ж прывыклі да людзей, якія крычаць лозунгі, і практычна мала чаго робяць. Хаця і так, напэўна, патрэбна. Мы ўсе страшэнна лянівыя адносна Міхася Чарняўскага. А можа, гэта не лянота, а пранікненне ў сутнасць адчування Бацькаўшчыны…
Для мяне ж гэтыя прэміі — мне нават трохі сумна — прыемная цацка на адзін дзень. І нават калі б Чарняўскі дажыў да яе, ён гэтак жа бы да яе паставіўся. Узрост.
Нам вельмі важна сёння выхоўваць у сабе гонар, годнасць і адчуванне Бацькаўшчыны. Мы крычым “Жыве Беларусь!” — але гэта пакуль што толькі гарлавы крык.
— З гэтай прычыны і не атрымліваецца цягам апошніх стагоддзяў Беларусі стаць па-сапраўднаму свабоднай?
— Жылі б мы ў якім-небудзь ціхім кутку — усё было б не так. Але ўся праблема ў тым, што мы жывем на мосце з Еўропы ў Азію. Праз нас заўсёды праходзіла грамадзянская вайна. Нас пастаянна выразалі, мы адбудоўвалі гэты мост, а яго знішчалі, а знішчыць прасцей, чым пабудаваць. І ў далейшым у нас так будзе, калі толькі чалавецтва не пераменіцца. Выжывем толькі тады, калі кожны пачне паважаць адзін аднаго.
Але абарона свайго краю ніколі не скончыцца, гэта наш лёс. Усё будзе залежаць ад агульначалавечага разумення. Хто мог падумаць, што Расіі, на якую ўсе спадзяваліся, што яна павернецца да лепшага, гэтая “чума” так засціць вочы. Увесь свет калоціцца, і найперш мы. Мы сфармаваныя ў СССР. Савецкага Саюза ўжо няма, а мы ўсе савецкія. Ёсць незалежная Беларусь, а беларусаў няма — бо карані не пусцілі. Таму нам застаецца шукаць свае карані, прарошчвацьіх і разумець, што гэта найвялікшая каштоўнасць у гэтым глабальным свеце.
Яўгенія Бурштын, eurobelarus.info