Віктар Шалкевіч: інтэлектуал з гітарай

Шалкевіч з’явіўся на сцэне беларускай аўтарскай песні ў пачатку 1990-х, і адразу заняў прыкметнае месца. Ён не быў першы, хто ўзяўся за тэму гістарычнай памяці і нацыянальнай самаідэнтычнасці. Але мала хто тады, дый сёння, меў такое аб’ёмнае бачанне нашай гісторыі і ўмеў гэтак дасціпна пазначыць найбольш болевыя кропкі сучаснасці.



14_1_shalkevich.jpg

Упершыню я пабачыў яго ў 1992 годзе на фэсце «Аршанская бітва–92» на Крапіўне. Ужо тады ён быў адзіны, хто паставіў умову, каб яму аплацілі праезд. Ого, — падумалася тады, — гэты ведае сабе кошт! Ён і сёння ў нас адзін з вельмі нешматлікіх выканаўцаў аўтарскай песні, хто ў нас спрабуе жыць (і, кажуць, небеспаспяхова) сваім талентам. І гэта пры поўным ігнараванні яго беларускім тэлебачаннем і адсутнасці ў FM-эфіры.

Не менш імпазантна ён тады выглядаў: сярод паходных паддзёвак і джынсаў ягоны класічны гарнітур з белай кашуляй і гальштукам адразу кідаўся ў вочы. Шляхетнасць у паводзінах і выглядзе падабалася. Не менш шляхетныя былі ў яго і песні. Строга кажучы, патэнцыял тых песень быў настолькі высокі, што ён мог бы не пісаць больш наогул нічога. Напісанага тады ўжо хапала для таго, каб застацца ў гісторыі беларускай аўтарскай песні.

Там было ўсё: і незласлівая ўсмешка, і вострая сатыра, і гістарычная замалёўка, і роздум неабыякавага да лёсу краіны і нацыі чалавека. І ўсё нязменна прыпраўленае ладнай доляй гумару. «Ня пі, сынок, віна азербайджанскага агдаму, / Хай яго п’юць азербайджанцы самі, гультаі, лапцаі! / Ня пі, свіння, маскоўскае гарэлкі — слухай тату і маму! / А калі будзе кепска, то нашае палескай сапраўднай самагонкі глытані» («Ня пі, сынок!»). Я не ведаю, хто яшчэ з такім гумарам, з такой дасціпнасцю і любасцю сказаў бы пра нас! У «Вызваленчым блюзе» па-майстэрску сцісла была сфармуляваная сутнасць усёй левай ідэі ў ейным расійска-бальшавіцкім варыянце: «Вольнасць, хлеб і праца, / Роўнасць, еднасць і братэрства / Для малых, прыгнечаных людзей! / Мы ўсю Еўропу запаскудзім, / у рот ёй трэска, / сіфілісам велічных ідэй!»

Дык і запаскудзілі ж, і не толькі Еўропу. А кпіны з беларускага рок-н-ролу можна цалкам спраектаваць (з пэўнымі агаворкамі) і на сённяшнюю нацыянальную рок-сцэну:

«Яны не мыюцца, гарэлку п’юць, / І брудна лаюцца, і матам гнуць, / І па-расейску размаўляюць між сабой. / А гэтак званы беларускі рок / Я не пусціў бы нават у хату на парог — / Я не люблю дурных і бедных, Божа ж мой!» («Балада пра пастуха Аўласа»)

14_1_httpwww_21_by.jpg

Але самы вялікі розгалас і нават палеміку тады выклікала ягоная «Добрай раніцы, жлобская нацыя!». Некаторыя радкі цяпер слухаюцца амаль як класіка: «Сабака на ганку залізвае раны, / Лёс нацыі просты і наканаваны». «А хто там ідзе? » Пазнаюць нас адразу: / Дзе мы — там вішчыць і аж курыцца пыл». А галоўнае — які прыпеў: «Добрай раніцы, жлобская нацыя! / Сонца ўзыходзіць лупатае. / Добрай раніцы, жлобская нацыя! / А ніхто дурную не сватае. / Добрай раніцы, жлобская нацыя! / Расцвіла ў парку акацыя. / Добрай раніцы, жлобская нацыя! / Вераб’і ў калюзе купаюцца…»

Амаль адразу ў правых колах нацыянальнай інтэлігенцыі ўзнікла нібыта палеміка, сэнс якой можна выказаць так: Шалкевіч — не беларус, таму ён не мае права гаварыць пра беларусаў такія рэчы. На што сёння мушу адказаць: Шалкевіч у тысячу разоў большы беларус, чым многія нашы стоадсоткавыя беларусы, таму што не стаў паўтараць зашмальцаваныя штампы пра памяркоўных і гасцінных беларусаў ці займацца эстэцтвам пад выглядам высокай паэзіі, а смела павярнуў люстра са сцэны прама ў залу і даў нам пабачыць сябе такімі, якімі мы насамрэч сёння і ёсць. Калі ўжо ніхто са «стоадсоткавых» не знайшоў у сабе смеласць на гэта.

Можа, якраз гэтага — жорсткага, цвярозага быкаўскага погляду на нас саміх — нам усім сёння больш за ўсё і не хапае. Ёсць адзін вельмі вядомы выканаўца, які на сваіх канцэртах часцяком какетліва падае сваё крэда так: калі мяне пытаюцца: «Почему вы не исполняете песен протеста?», я адказваю — ні пра цеста, ні пра дрожджы, ні пра цукар я не спяваю. Дык вось: гэта і ёсць самая сапраўдная песня пратэсту. А многія з тых, хто пад гітару сёння выдае са сцэны нібыта высокую паэзію, але пры ўважлівым поглядзе не асвечаную ані яскай таленту і натхнення, насамрэч якраз і спяваюць пра цеста з дражджамі і цукрам.

Віктар Шалкевіч ніколі не спяваў пра цеста. Не валодаючы гітарай на дастатковым узроўні, ён не стаў стругаць адзін пасрэдна запісаны гітарны цыкл за адным, а паспрабаваў запісацца з добрым інструментальным гуртом. І выйшла зусім не блага.

У ягоных песнях раз-пораз малююцца краявіды Гародні, любові да якой ён і не хавае. Ды і мова ягоных песняў, насычаная тамтэйшымі паланізмамі, беспамылкова выдае ў ім ураджэнца Гродзеншчыны. Касцёл Казіміра ў яго менавіта «гжэчны», а вераб’і купаюцца не ў лужыне, а ў незразумелай для ўсходняга беларуса калюзе.

Свет вобразаў ягоных песень шырокі і разнастайны. Не ведаю нічога больш напоўненага святлом надзеі на лепшае заўтра, чым фантасмагарычны «Блюз «Вясна»: «Нехта ў радыё пачуў, / хтось на ўласныя вочы ўгледзеў, / Але не паверыў: / З Заходняй Еўропы ішла да нас / лёгкім крокам Вясна. / Яе прыкметы ўсе добра ведалі, / яе з самага ранку чакалі / людзі і міліцыянты з сабакамі, / вайскоўцы ўсіх масцей. / Яна ішла, услед ёй несліся апладысменты / і аўтаматныя чэргі гучалі, / у адказ яна толькі смяялася… / і ішла далей. / Па гарадах і мястэчках горлы драў / ля гандэлкаў і крамаў / тлум нябожчыкаў і ідыётаў, / што не існуе ў свеце такое пары. / Яны шчэрылі зубы, ірвалі сцягі, / і махалі спадніцамі, знятымі з плоту. / Яны сонца хацелі спыніць і назад павярнуць, / яны палілі календары. / Ішла прыгожая дзяўчынка / ў вышытай шоўкам сукенцы. / Роты аўтаматчыкаў хаваліся па завуголлях, / стаялі, чакалі — дзе яна? / Загараліся белым полымем яблыні, вішні… / Расцвіталі надзеі людскія ў сэрцы… / Хто б у яе ні страляў, ні брахаў на яе з-за трыбуны — / Была, ёсць і будзе Вясна!».

Перапрашаю за амаль поўнае цытаванне, але як дакладна схоплена духоўная атмасфера ў нашай краіне! Яшчэ большую кампазіцыйную выразнасць надае выдатнае аранжаванне інструментальнага суправаджэння, чаго практычна немагчыма дабіцца ў класічным гітарным суправаджэнні.

Ягоны памфлет пра таварыша Сапегу стаўся, бадай, ці не самым здзеклівым з усіх вядомых мне, дзе знаёмы ўсім персанаж пазнаецца адразу. А які лірычны шэдэўр — самотны аповед пра бедную Касю, якая «на Брукліне забаўляе жыдоўскіх дзяцей»! Ды не столькі пра Касю, колькі пра сябе. Пра Бруклін Шалкевіч пэўна ведае не з газет; яго можна ўбачыць дзе заўгодна — ад Брукліна да Іркуцка. Веданне моваў дае яму ў творчасці поле для манеўра ў любым напрамку, і таму ў нас бадай што ніхто не можа пахваліцца такой геаграфіяй выступаў. А шмат хто і сёння ўзгадвае Шалкевіча-аўкцыянера, бо аўкцыёны, якія ён вёў, — гэта проста выдатны спектакль. Адна з найлепшых роляў яго як акцёра.

Наогул, калі казаць пра стылістыку Шалкевіча, дык там вы пачуеце і танга, і баладу, але я не ведаю ніводнага выканаўцы аўтарскай песні, у якога было б столькі песень у такім неўласцівым аўтарскай песні стылі, як блюз. У яго — не школа Высоцкага і Візбара, як у большасці нашых выканаўцаў. У адным інтэрв’ю Віктар сказаў, што польскі аўтар Марэк Грэхута моцна паўплываў на яго сваёй творчасцю. У любым выпадку, у Шалкевіча выразна адчуваецца заходняя школа аўтарскай песні. А ягонае ўменне балансаваць на мяжы блазна і прарока ўнікальнае для сённяшняй сцэны беларускай аўтарскай песні.

А што было потым? І на гэтае пытанне ў ягоных песнях вы таксама знойдзеце адказ: «Мы крычалі, дурныя, на мітынгах, / Мы хацелі, каб зараз і ўсё, / А наступствамі гэтай палітыкі / Супынілася наша жыццё». Расчараванне ў лідарах гэтак званай «сістэмнай апазіцыі», што фактычна распісаліся ў сваёй няздатнасці, тады падкасіла многіх.

У часы нацыянальнага бесчасоўя ліра Шалкевіча не супынілася, але настрой яе яўна змяніўся. Мне не дужа падабаецца тое, што спявае Віктар цяпер. Пераважае нейкая пабытоўшчына, жанравыя замалёўкі пра жанчыну з бутэлькай піва і да таго падобнае... А на сваіх канцэртах цяпер Шалкевіч — наогул, як мала хто аматар пагаварыць — ці не больш распавядае анекдоты, чым спявае. Усё часцей яго цягне ў літаратуру, кінематограф.

Ва ўсялякім выпадку, Шалкевіч здольны на большае, здольны сур’ёзна гаварыць з намі пра сур’ёзныя рэчы. Няўжо спісаўся? Здаецца, культуролаг Максім Жбанкоў неяк назваў Шалкевіча страчаным героем беларускай культуры. Я б азначыў яго больш сціпла: інтэлектуал з гітарай, які яшчэ не ўсё сказаў. Таму не будзем спяшацца падводзіць рысу.