А як жа «флагманы прамысловасці»? Амаль 80% бюджэту Мінска забяспечана недзяржаўным сектарам

Прадпрыемствамі недзяржаўнага сектара эканомікі забяспечана 78,9% усіх паступленняў у бюджэт Мінска за студзень-кастрычнік бягучага года, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах.

ae89cc00d9271fee0848b55a50397fa1.jpg


«У структуры паступленняў па катэгорыях плацельшчыкаў лідзіруе недзяржаўны сектар эканомікі з удзельнай вагой 78,9%, у тым ліку ўклад арганізацый недзяржаўнага сектара складае 75,3%. На арганізацыі дзяржаўнага сектара прыходзіцца 21,1% усіх паступленняў, на індывідуальных прадпрымальнікаў — 2%, на фізічных асоб — 1,6%», — цытуе справаздачу ведамства Інтэрфакс-Захад.

Па стане на 1 лістапада, у сталіцы ажыццяўляюць дзейнасць 140,7 тыс. суб'ектаў гаспадарання: 58,8 тыс. арганізацый і 81,9 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама, плацельшчыкамі падаткаў (збораў) з'яўляюцца 267,2 тыс. фізічных асоб.

Колькасць суб'ектаў недзяржаўнага сектара эканомікі складае 138,1 тыс., дзяржсектара — 2,6 тыс.

«Гэтымі плацельшчыкамі ўнесена ў бюджэт плацяжоў на суму Br10, 8 млрд і Br2,9 млрд адпаведна», — праінфармавалі ў МПЗ.