Мінфін выдаткуе на даплаты медыкам 134,3 млн рублёў. Але непасрэдна медыкі атрымаюць толькі 8,2 млн
Урад пастановай №651 ад 15 лістапада прадпісаў Міністэрству фінансаў выдаткаваць амаль 134,3 млн рублёў на даплаты медыкам. Сродкі выдаюцца з рэзервовага фонду прэзідэнта.
З гэтай сумы 8,2 млн рублёў атрымае Міністэрства аховы здароўя для размеркавання паміж арганізацыямі, падпарадкаванымі ведамству наўпрост, а 126,09 млн рублёў будуць перададзеныя кансалідаваным бюджэтам рэгіёнаў, піша REFORM.by.
Грошы павінны ісці на выплату надбавак у адпаведнасці з указамі аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя і арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, у тым ліку аказаныя ў трэцім квартале.
Нагадаем, у кастрычніку прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ў чацвёртым квартале на выплату кавідных надбавак медыкам патрэбна яшчэ 250 мільёнаў рублёў, якія шукаюць у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах. «Тое, што мы закладвалі на год, фактычна было з'едзена за тры кварталы», — сказаў тады кіраўнік урада.