Прэм’ер прызнаў, што грошай на далейшыя выплаты надбавак медыкам ужо няма
Урад звернецца да Лукашэнкі ў справе выдзялення дадатковых сродкаў на барацьбу з COVID-19. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Прычына — уздым захворвання. Паводле слоў Галоўчанкі, патрэбна яшчэ амаль 250 млн. рублёў (каля 100 млн. долараў), у тым ліку 140 млн. — на набыццё лекаў і вакцын, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на БелТА.
Галоўчанка таксама заявіў, што ў чацвёртым квартале на выплату «кавідных» надбавак медыкам патрэбна яшчэ 250 млн. рублёў, якія шукаюць у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах.
«Тое, што мы закладвалі на год, фактычна было з’едзена за тры кварталы», — сказаў прэм’ер-міністр.
Галоўчанка паведаміў, што сёлета на надбаўкі медыкам накіравалі 825 млн. рублёў (з пачатку пандэміі — «практычна 1,3 млрд.»). А яшчэ сродкі выдаткоўваліся на куплю вакцын, медыцынскіх прэпаратаў і сродкаў індывідуальнай засцярогі.