Афіцыйная статыстыка: у Беларусі ўпалі цэны
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, спажывецкія цэны ў чэрвені 2019 года ў параўнанні з маем знізіліся на 0,1%, са снежнем 2018 га — выраслі на 2,9%.
У чэрвені 2019 года ў адносінах да траўня цэны на харчовыя тавары ў Беларусі знізіліся на 0,4% (з пачатку года — выраслі на 2,8%), на нехарчовыя — не змяніліся (выраслі на 2,3%), на паслугі — выраслі на 0,4% (на 4,1%).
У адносінах да чэрвеня 2018 года цэны выраслі на 5,7%.
Папярэдні раз дэфляцыя была адзначана ў траўні 2018 года. Тады спажывецкія цэны ў параўнанні з красавіком знізіліся на 0,3%, са снежнем 2017-га — выраслі на 2,5%.
У 2017 годзе ў Беларусі два месяцы запар назіралася дэфляцыя: у ліпені цэны знізіліся на 0,1%, у жніўні — на 0,8%. Раней дэфляцыя фіксаваліся ў жніўні 2016 года, а раней — толькі ў 2009 годзе.
Згодна з афіцыйным прагнозам Нацыянальнага банка, у 2019 годзе інфляцыя не перавысіць 5%, а паводле ацэнак Еўразійскага банка развіцця — складзе 5,7%.
Аўтары травеньскага макраэканамічнага агляду Еўразійскага банка развіцця мяркуюць, што «пакуль рана казаць аб фарміраванні тэндэнцыі да запаволення інфляцыі, у тым ліку з-за захавання высокага росту заработнай платы» ў Беларусі. «У сувязі з гэтым мы чакаем часовае паскарэнне інфляцыі ў траўні-чэрвені 2019 года да 5,7-6,0% у гадавым вымярэньні», — адзначылі аналітыкі ЕАБР.
У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц 10 лiпеня заявіў журналістам, што інфляцыйныя фактары слабеюць і заяўленая мэта па інфляцыі захоўваецца.
«Мы гаварылі неаднаразова, што чакалі ў першым паўгоддзі інфляцыю ў гадавым вымярэнні вышэй мэты, якая вызначана на год. Але як раз тыя фактары, якія падштурхоўвалі інфляцыю, слабеюць, і мы бачым гэта ў апошнія месяцы. Мы лічым, што будзем знаходзіцца паблізу нашай мэты — 5%», — сказаў Калечыц.
Паводле яго слоў, на рост інфляцыі ў першым паўгоддзі аказвалі ўплыў сезонныя фактары, звязаныя з вытворчасцю сельгаспрадукцыі, адставанне росту прадукцыйнасці працы ад заработнай платы, а таксама знешнія фактары. «Цяпер усе фактары працуюць на тое, каб мы рухаліся да заяўленай мэты па інфляцыі», — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.
Інфляцыя ў Беларусі ў 2018 годзе склала 5,6%.
naviny.by