Афіцыйны Мінск і МВФ працягнуць перамовы пра крэдыт дыстанцыйна

Місія Міжнароднага валютнага фонду завяршыла сваю працу ў Беларусі.



mvf11.jpg

Міжнародны валютны фонд і ўлады Беларусі дыстанцыйна працягнуць абмеркаванне мер эканамічнай палітыкі, вынікам якіх магла стаць новая краінавая крэдытная праграма, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве МВФ.

Місія МВФ пад кіраўніцтвам Пітэра Долмана знаходзілася з візітам у Мінску з 9 па 20 лістапада. Мэта візіту палягала ў ацэнцы апошніх змяненняў у эканоміцы і абмеркаванні новай эканамічнай праграмы, якая магла б быць падтрымана фінансавымі рэсурсамі МВФ.

Па завяршэнні візіту Долман зрабіў наступную заяву: «Персанал МВФ і афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь дамагліся істотнага прагрэсу ў абмеркаванні шэрагу мер эканамічнай палітыкі, якія маглі б быць падтрыманыя дамоўленасцю аб трохгадовай праграме ў рамках Механізму пашыранага фінансавання (ЕФФ). Для абмеркавання некаторых пытанняў патрабуецца больш часу. У бліжэйшыя некалькі тыдняў мяркуецца дыстанцыйна працягнуць іх абмеркаванне».

Новая праграма з фондам прадугледжвае атрыманне Беларуссю крэдыту да 3 млрд. долараў. Для рэалізацыі крэдытнай праграмы вясной гэтага года бакі падрыхтавалі дарожную карту па структурным рэфармаванні эканомікі.