Аляксандр Ярашук: Наша эканоміка набывае непрадказальны характар

Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавядае пра тое, як у людзей зніжаюцца рэальныя заробкі перад выбарамі, і ці ёсць пры гэтым незадавальненне ўладай.



aliaksandr_jarashuk.jpg

Аляксандр Ярашук: Незадавальненне, безумоўна, прысутнічае. Можна дакладна казаць пра тое, што гэта істотна панізіла самаадчуванне беларусаў, бо мы ведаем, у якім стане не толькі заробкі, але і пенсіі зараз. Праўда, калі быць аб’ектыўным, варта адзначыць, што зніжэнне рэальных заробкаў і пенсійных выплат пакуль не дасягнула нейкай крытычнай масы. Таму і няма праяў у выглядзе росту сацыяльнай напружанасці, што трансфармуецца ў нейкія акцыі пратэсту. Заробкі выплочваюцца, але гэта ўжо сёння нават не эканамічнае пытанне, а палітычнае. Прадпрыемствы бяруць крэдыты, каб разлічыцца, як толькі магчыма. Усё гэта кажа толькі пра адно — да 11 кастрычніка сітуацыя будзе кантралявацца. Але гэта зусім не азначае, што сама праблема знікне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Наогул можна канстатаваць — пакуль мы не бачым сур’ёзных захадаў па перамене сутнасці эканамічнай палітыкі. Пакуль яна застаецца ранейшай — камандна-адміністратыўнай, якая і прывяла да сённяшняга крытычнага стану. І, паколькі захадаў няма, то, мяркую, надалей можна разважаць пра адно — сітуацыя пасля прэзідэнцкіх выбараў будзе насіць непрадказальны характар. Я не бачу ніводнага чынніка, чаму яна павінна паляпшацца, як пра тое заяўляюць улады. Здаецца, і ворагаў больш няма (з Захадам адносіны паляпшаюцца, апазіцыі, па сутнасці, няма), але застаўся самы галоўны вораг — сам беларускі рэжым і яго палітыка.

— Чаму вы так песімістычна глядзіце ў будучыню?

Аляксандр Ярашук: Мне здаецца, гэтая ўлада не здольная зрабіць сур’ёзныя крокі па змене эканамічнага курсу, калі замест камандна-адміністратыўнай эканомікі, якая збанкруцілася, павінна адбудоўвацца цывілізаваная рынкавая. Таму якая тут будучыня?

— І да чаго ў такім выпадку прыйдзем?

Аляксандр Ярашук: Я ж не аракул, але, паўтаруся, сітуацыя будзе мець непрадказальны характар. Зараз беларуская эканоміка не ў стане плаціць працаўнікам больш за 250 даляраў. Нават 200 ці пацягне. За 20 гадоў, з якой крокі пачыналі, у тую і вярнуліся. Пры гэтым згубілі марна столькі часу. Гэта той выклік, які ў бліжэйшы час і будзе дыктаваць сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя