Аляксандр Кныровіч: Беларускі бізнес, як і ўсё грамадства, знаходзіцца ў агромністай траўме
Лятучы ўніверсітэт правёў анлайн-сустрэчу «Бізнес і адукацыя», дзе эксперты абмеркавалі, наколькі бізнес гатовы быць заказчыкам на рэформу адукацыі ў Беларусі.
Ацэнку становішча бізнэсоўцаў Беларусі і ў цэлым грамадства даў прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч:
— Бізнес, як і ўсё грамадства, знаходзіцца ў цэнтры такой турбулентнасці. А адукацыя — гэта ўсё ж такі нейкі далягляд, гэта заўтрашні дзень. У бізнеса сёння гісторыя схлопнулася да прагназавання на некалькі месяцаў. Не кажучы ўжо, што на некалькі гадоў. І, адпаведна, гаварыць, што бізнес сёння ў Беларусі можа фармуляваць нейкія ідэі і быць заказчыкам адукацыі, вельмі складана. Мы ўсе разам пакуль знаходзімся ў агромністай траўме, і, у многім, у непрыняцці сітуацыі.
На думку Аляксандра Кныровіча, у сучаснай Беларусі адсутнічаюць перадумовы для прадуктыўнага дыялогу рэжыму і бізнесу па неабходным рэфарманні вышэйшай адукацыі. Тым не менш, варта мець план развіцця бізнес-адукацыі Беларусі на час заканчэння палітычнага крызісу ў краіне.
Беларускае Радыё Рацыя