Амаль 200 рабочых «Хімвалакна» трапілі пад скарачэнне
200 работнікаў комплексу «Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот» будуць звольненыя. Кіраўніцтва прадпрыемства тлумачыць гэта яго мадэрнізацыяй. Старую тэхналогію вытворчасці мяняюць на новую, якая не патрабуе вялікіх працавыдаткаў
У пятніцу 12 ліпеня на прадпрыемстве адбыўся сход, на якім кіраўніцтва абмеркавала з калектывам варыянты працаўладкавання на новыя месцы. Кіпелі жарсці — людзі не хочуць
мяняць працу. Загад аб скарачэнні, па інфармацыі начальніка юрыдычнага аддзела Аляксея Гаманчука, падпісаны ў панядзелак. Як паведамляе начальнік вытворчасці корднай і капронавай ніткі Віктар
Баркоўскі, ёсць 35 вакансій у прадзільным цэху, але з больш інтэнсіўнымі ўмовамі працы.
«Мне застаўся год да пенсіі, — дзеліцца трывогамі
аператар цэха гарачай выцяжкі Наталля, — я не змагу
працаваць у іншым, прадзільнм, цэху, для мяне гэта занадта цяжка. Што ж, прыбіральшчыцай ісці?»
На сённяшні дзень прывычнага месца працы ў цэху гарачай выцяжкі, які зачыняецца ў сувязі з мадэрнізацыяй, могуць пазбавіцца 126 жанчын і 54 мужчыны. Скарачэнне пачнецца з 1 кастрычніка. Пры
гэтым, па звестках старшыні прафкама ПТК «Хімвалакно» Ніны Стасько, усіх мужчын можна працаўладкаваць на абноўленым участку вытворчасці. Жанчыны там працаваць не змогуць. Ім
наймальнік прапануе працаўладкаванне не па спецыяльнасці — дворнікам,
прыбіральшчыкам, касірам, а таксама перанавучанне. Аднак такая замена большасць не задавальняе. Частка супрацоўнікаў можа сысці на пенсію па ўзросце ў гэтым годзе. У бліжэйшыя дні спіс вакансій будзе
даступны ўсім — яго размесцяць на стэндзе ў фае.
Рэканструкцыя вытворчасці корднай і капронавай ніткі — завяршальная частка
абнаўлення ўсяго прадпрыемства, якое пачалося ў 2003 годзе. У траўні 2013 года праведзеныя выпрабаванні на выкананне гарантыйных паказчыкаў установак сумешчанага фармавання, выцягвання і намоткі
поліамідных тэхнічных нітак агульнай прадукцыйнасцю 90 тон у суткі. Такім чынам, цэх гарачай выцяжкі з састарэлым абсталяваннем стаў не патрэбным. Нітка на новай вытворчасці выходзіць ужо выцягнутай,
то бок гатовай да вырабу корднай тканіны або продажы партнёрам.
Абнаўленне выкліканае таксама ўзмацненнем жорсткасці патрабаванняў да якасці прадукцыі, неабходнасцю павышэння канкурэнтаздольнасці ў сувязі з арыентацыяй прадпрыемства на знешні рынак.
region.ej.by