Арсень Сівіцкі: Беларусь можа аказацца ў эканамічнай блакадзе

Любыя крокі афіцыйнага Мінска, накіраваныя на абвастрэнне адносін з Захадам, прывядуць да закручвання спіралі эскалацыі. Пра тое, да чаго гэта прывядзе і якія варыянты засталіся ў беларускіх уладаў, Thinktanks.by пагутарыў з сузаснавальнікам і дырэктарам Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсенем Сівіцкім.

8bd47c62_b029_4be1_a756_0f31066f6b99.tmp

Арсень Сівіцкі, glavcom.ua

Еўрасаюз рыхтуе пяты і шосты пакеты санкцый


— Чацвёрты пакет санкцый Еўрасаюз першапачаткова планаваў як адрасныя сектаральныя санкцыі. Падкрэслівалася, што санкцыі часткова будуць накіраваныя на некалькі асноўных сектараў беларускай эканомікі, і адраснасць не мела на ўвазе іх поўнай блакады. Адпаведна, рашэнне Еўрапейскага саюза гэта і пацвердзіла.
— Але гэта не значыць, што Еўрасаюз адмаўляецца ад далейшай эскалацыі санкцыйнай вайны. Ідзе распрацоўка пятага і шостага пакетаў санкцыйных абмежаванняў, якія будуць уводзіць санкцыі супраць найбольш важных сектараў беларускай эканомікі ўжо цалкам. І з гэтага пункту гледжання чацвёрты пакет, які ўключае адрасныя сектаральныя абмежаванні, якія ўступаюць у сілу з адтэрміноўкай — з пачатку наступнага года выступаюць у якасці сігналу з боку Бруселя, які пераследвае мэту — далучыць афіцыйны Мінск у дыялог і прымусіць выканаць асноўныя патрабаванні ЕС. Гэта: вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій; арганізацыя шырокага інклюзіўнага дыялогу паміж апазіцыяй і беларускімі ўладамі, у тым ліку і з той часткай апазіцыі, якая знаходзіцца ў выгнанні, дыялог пры міжнародным пасярэдніцтве, у якім Еўрасаюз выступае ў якасці медыятара нароўні са Злучанымі Штатамі і Расіяй; і нарэшце, правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у адкрытым транспарэнтным рэжыме і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Такім чынам Брусель дае афіцыйнаму Мінску час на роздум. Калі афіцыйны Мінск працягне адказваць эскалацыяй на прынятыя Еўрасаюзам меры, то далейшага ўзмацнення санкцыйнага прэсінгу не пазбегнуць.
Больш за тое, нават цяперашнія санкцыі, хоць яны і з'яўляюцца адраснымі, маюць тэндэнцыю перарастання ў глабальныя санкцыі, бо ЗША, Вялікабрытанія і Канада плануюць далучыцца да санкцыйных абмежаванняў, проста прадубляваць іх. Такім чынам гэтыя санкцыі будуць мець на ўвазе не аднабаковы рэжым, але і двухбаковы, ператвараючыся ў экстэрытарыяльныя, глабальныя абмежаванні. Па сутнасці, падобнае ўзаемадзеянне паміж Еўрасаюзам і іншымі заходнімі краінамі па пытаннях каардынацыі санкцыйнай палітыкі стварае ўмовы для арганізацыі эканамічнай блакады нават на этапе ўвядзення чацвёртага пакета, не кажучы ўжо пра сцэнар, калі будуць уведзеныя пяты і шосты пакеты абмежаванняў. А гэта азначае ўвядзенне драконаўскіх санкцый, якія прывядуць да фарміравання вакол Беларусі эканамічнай блакады. Гэтыя санкцыі, безумоўна, падвысяць таксічнасць краіны на міжнароднай арэне для асноўных партнёраў, уключаючы Расію і Кітай, якія вымушаныя будуць пераглядаць фарматы супрацоўніцтва, баючыся аказацца пад другаснымі санкцыямі заходніх краін.
Гэта досыць сур'ёзныя меры ціску. У Беларусі няма вопыту існавання ў такіх умовах. А раскручванне санкцыйнага махавіка стварае рызыкі для ўнутрыпалітычнай стабільнасці, не кажучы ўжо пра выклікі для сацыяльна-эканамічнай мадэлі. І для незалежнасці краіны, бо ў выпадку маштабнага крызісу ўнутры краіны яго рашэннем будуць займацца вялікія дзяржавы, асноўныя геапалітычныя актары у рэгіёне: Расія, ЗША і Еўрасаюз, якія наўрад ці будуць улічваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, беларускага грамадства і тым больш персанальныя інтарэсы палітычнага кіраўніцтва .

«У Мінска застаўся толькі адзін варыянт»

— Пры якіх умовах афіцыйны Мінск можа пазбегнуць разгортвання эканамічнай блакады?
— У афіцыйнага Мінска застаецца толькі адзін варыянт — пагадзіцца на арганізацыю перамоваў паміж беларускай уладай, грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй пры міжнародным пасярэдніцтве як з боку асноўных геапалітычных актараў (ЗША, Расія, Еўрасаюз), так і з уцягваннем шэрагу міжнародных арганізацый (няхай гэта будзе ААН або АБСЕ). Гэта дазволіць паслаць нейкі пазітыўны сігнал, які сведчыць аб дээскалацыі з боку Мінска. Калі казаць аб першарадных практычных кроках, якія маглі быць інтэрпрэтаваныя як імкненне Мінска дээскалаваць абстаноўку — гэта вызваленне ўсіх палітычных зняволеных без усялякіх умоваў. Такое рашэнне магло быць успрынята не толькі як імкненне да дээскалацыі, але і як сігнал, што Мінск гатовы шукаць канструктыўнае рашэнне палітычнага крызісу як унутры краіны, так і ў адносінах з заходнімі краінамі.
Любыя іншыя крокі, звязаныя са спробамі абвастрыць сітуацыю ў адносінах з Захадам з дапамогай розных рытарычных пагроз і практычных крокаў, якія іх падмацоўваюць (як справакаваны міграцыйны крызіс, звязаны з нежаданнем выконваць свае абавязацельствы ў галіне аховы мяжы), будуць прыводзіць да закручвання спіралі эскалацыі. На падобныя крокі Еўрапейскі Саюз будзе рэагаваць досыць хутка і эфектыўна, узмацняючы санкцыйны ціск, паколькі беларускі палітычны крызіс перастаў быць выключна ўнутранай справай Беларусі, асабліва пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair. Пасля гэтага надзвычайнага здарэння эскалацыйныя дзеянні з боку беларускіх уладаў тлумачацца заходняй супольнасцю як пагроза для міжнароднага міру і бяспекі. Гэтая фармулёўка дазваляе ўводзіць вельмі жорсткія санкцыі, аж да адключэння ад SWIFT. Нагадаю, што Паўночная Карэя і Іран у свой час падвергліся такім жорсткім санкцыям як раз праз стварэнне пагроз міжнароднаму міру і бяспецы ў сувязі з невыкананнем рэжымаў нераспаўсюджвання ядзернай зброі. Паказальна, што ў беларускім пытанні заходнія краіны змаглі вельмі хутка пераадолець усе рознагалоссі, дасягнуць кансенсусу, і нават тыя краіны, якія традыцыйна выступалі ў ролі адвакатаў Беларусі, стрымліваючы ўвядзенне жорсткіх санкцыйных абмежаванняў, вымушаныя былі перагледзець сваю пазіцыю на карысць узмацнення жорсткасці. Крокі, закліканыя раскалоць еўраатлантычную супольнасць, не дасягнуць мэты і прывядуць да здзейсненага процілеглага эфекту. Роўна гэтак жа, як і нязначныя крокі па дээскалацыі сітуацыі, напрыклад, перавод Соф'і Сапега і Рамана Пратасевіча пад хатні арышт — проста не будуць прачытаны ў заходніх сталіцах як сігналы, якія сведчаць аб дээскалацыйных памкненнях Мінска.
Поле для манеўру вельмі звузілася, асабліва пасля інцыдэнту з самалётам Rayanair. Мінск цяпер знаходзіцца ў занадта ўразьлівым геапалітычным становішчы, і гэта разумеюць усе. Такое становішча характарызуецца як ростам ціску з боку Захаду, так і ўзмацненнем прэсінгу з боку Расіі, якая не збіраецца падтрымліваць рэжым у Мінску любымі сродкамі і намаганнямі, а наадварот, сінхранізуе свой парадак ціску з аналагічным у заходніх сталіцах. Мінск аказаўся ў сітуацыі, калі па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах не валодае рэсурсамі для таго, каб навязаць сваю волю ў перамовах з асноўнымі бакамі, што процідзейнічаюць — няхай гэта будзе Захад ці Расія.

«Захад гатовы пайсці на драконаўскія меры»

— Былыя беларускія дыпламаты амаль у адзін голас сцвярджаюць, што санкцыі не дзейнічаюць і не маюць шанцаў на поспех.
— Галоўная мэта санкцый — прымусіць афіцыйны Мінск змяніць сваю мадэль паводзінаў як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы. Пры гэтым трэба разумець, што любая краіна, якая ўводзіць санкцыйныя абмежаванні, зыходзіць з разумення ўласных нацыянальных інтарэсаў і ў меншай ступені клапоціцца аб нацыянальных інтарэсах падсанкцыйнай краіны. Параўнальнае вывучэнне санкцыйных рэжымаў паказвае, што сапраўды санкцыі рэдка прыводзяць да змены паводзін аб'екта. Але ёсць і выключэнні. Такімі выключэннямі з'яўляюцца ПАР і Іран. Вывучэнне іх кейсаў паказвае, што як толькі міжнародная супольнасць узмацняла санкцыйны ціск, яны вымушаны былі ісці на саступкі: у ПАР — гэта перамовы паміж урадам апартэіду і афрыканскай большасцю, у Іране — перамовы па іранскай ядзернай праграме. Відавочна, што заходняя супольнасць кіруецца двума названымі прыкладамі і верыць, што, нарошчваючы санкцыйны прэсінг, можна дамагчыся зменаў — ці ва ўнутранай, ці ў знешняй палітыцы.
А тое, што Захад гатовы пайсці на самыя крайнія меры, уключна з увядзеннем так званых драконаўскіх санкцый, якія прадугледжваюць арганізацыю блакады, ніякіх сумневаў няма. Калі Мінск не зменіць сваю мадэль паводзінаў, сітуацыя будзе развівацца па драматычным сцэнары — як для дзяржавы, так і для беларускага грамадства.