Азбука паліталогіі: А калі не будуць браць — адключым газ!

Памятаеце пацешную гісторыю пра тое, як еўрапейцам давядзецца займацца праннем туалетнай паперы? Яна нарадзілася не на пустым месцы. У яе аснове — вера ў немагчымасць еўрапейцаў пражыць без расійскіх энергарэсурсаў. І падсілкоўвалася гэтая вера дынамікай індэкса TTF (Title Transfer Facility), які паказвае сярэднюю цану газу на здзелках у Нідэрландах.

Ілюстрацыйная выява. Створана нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява. Створана нейрасеткай

Мінімальны кошт — € 46,26 за 1 тысячу кубічных метраў — быў зафіксаваны ў траўні 2020 года. Перад пачаткам расійскай «ваеннай спецаперацыі» (СВА) у студзені 2022 года кошт склаў € 893,27. А ў кастрычніку 2022-га, калі «брусельскія вар’яты» выступілі з рэкамендацыяй па другасным выкарыстанні туалетнай паперы, 1 тысяча кубічных метраў расійскага газу каштавала € 1 301,34, аднак гэта азначала не рост, а зніжэнне, бо на піку ў жніўні газ каштаваў € 2 531,1.
Сярэдняя цана ў красавіку 2023 года склала € 433,87 — гэта значыць, была ў два разы ніжэйшай за даваенны ўзровень. Але на гэтым зніжэнне не спынілася. 18 траўня цана за 1 тысячу кубічных метраў апусцілася да € 365.
У прыроды, з пункту гледжання закаханых, няма ні дрэннага, ні добрага надвор’я. Для закаханых кожнае надвор’е — дабрадаць. Але для еўрапейскіх спажыўцоў газу цёплае надвор’е на працягу большай часткі ацяпляльнага сезона аказалася аналагам манны нябеснай. Свой уклад у эканомію імпартнага энергарэсурсу ўнёс і абраны еўрапейскімі дзяржавамі курс на эканомію энергіі.
Еўрапейцы не жывуць адным днём. Яны глядзяць у будучыню. Таму, паводле звестак Gas Infrastructure Europe, да сярэдзіны траўня запоўненасць газавых сховішчаў перавысіла 64,5% (гэта на 20% вышэй за сярэдні паказчык за апошнія пяць гадоў).
Не даводзіцца здзіўляцца, што эпапея з паўторным выкарыстаннем туалетнай паперы скончылася, так не паспеўшы пачацца. Чаго не скажаш пра неабходнасць паўторнага выкарыстанні папяровых сурвэтак, якімі айчынныя клікушы вымушаныя выціраць кракадзілавы слёзы, што багата вылучаюцца іх уласнымі слёзнымі залозамі.

А, В, С і далей па лацінскім алфавіце

За дынамікай коштаў на газ нескладана ўгледзець крах плана «В», які праз «замарожванне» Еўропы прадугледжваў адмову ад падтрымкі Украіны еўрапейцамі-мярзотнікамі.
Ідэя плана «А», на думку расійскага палітолага Уладзіміра Пастухова, палягала ў тым, каб «перамагчы NATO да таго, як яно паспее зразумець, што з ім ужо ваююць. Вельмі, дарэчы, па-піцерску: кшталту, пакуль мы тут спрачаемся дзве гадзіны, згарэла наша каўбаса. Вы абураныя? Разумеем. Але Украіны больш няма, так што давайце лічыцца з гэтай новай “геапалітычнай рэальнасцю”».
Цяпер у дзеянне ўступае план «С» — спадзяванне на «русский авось». Палітолаг апісвае яго так: «Ён называецца «аперацыя «Авось». «Авось» пераможа Трамп — і ўсё адменіць. «Авось» Залужны нарэшце памыліцца — і патрапіць у якую-небудзь з расстаўленых рускім Генштабам пастак. «Авось» ва ўкраінцаў забушуе абурэнне ўладай — і яны самі «знясуць» Зяленскага і прынясуць перамогу Пуціну на сподачку з блакітным краёчкам. Ды ці мала што добрага можа адбыцца, калі нічога не рабіць?»
Выбудоўванне падобных планаў — дакладная прыкмета неразумення прыроды заходнееўрапейскай цывілізацыі, а заадно — і працэсаў, якія адбываюцца ва ўкраінскім грамадстве.

Марыць не шкодна

Для разумення дынамікі коштаў на расійскі газ у Еўропе нам спатрэбіцца пара сацыякультурных катэгорый «экстэнсіўны» / «інтэнсіўны», якія апісваюць адну з базавых характарыстык чалавечай дзейнасці.
Усім традыцыйным культурам, за выключэннем «рысавай» у Кітаі, для павелічэння выпуску прадукцыі патрабаваўся дадатковы аб’ём рэсурсаў. Прыгадаем класіку — падсечна-агнявое земляробства ва ўсходніх славян. Попел — выдатнае ўгнаенне. Але яго хапала на 4–5 гадоў, пасля чаго селянін пераходзіў на новы ўчастак.
Пры інтэнсіўнай эканоміцы дадатковыя рэсурсы прыцягваюцца ў мінімальнай ступені, а павышэнне аб’ёму і якасці прадукцыі дасягаецца за кошт удасканалення тэхналогій, больш рацыянальнага выкарыстання працоўнай сілы і матэрыяльных рэсурсаў.
Культуролаг Ігар Якавенка тлумачыць: «Мноства самых разнастайных культур, што было рэалізаванае ў гісторыі, дэманструюць уласцівы кожнай з іх пэўны ўзровень інтэнсіўнасці. Калі размясціць вядомыя нам тыпы гаспадарчай дзейнасці на адзінай шкале — ад чыстага прысваення прадуктаў прыроды, даступных архаічным грамадствам, да вяршыняў інтэнсіфікацыі, якія дасягнутыя ў сучасным свеце, — то выявіцца, што кожная канкрэтная культура знаходзіць на такой шкале сваё месца».
Але вытворчай сферай праблема не абмяжоўваецца. Дастаткова ўспомніць рускія народныя казкі пра «абрус-самабранку» і «неразменныя пяць капеек». Мара аб бясплатных рэсурсах — частка ментальнасці чалавека экстэнсіўнай культуры.

«А калі не будуць браць — адключым газ!»

Інтэнсіўная стратэгія ўзнікае тады, калі магчымасць экстэнсіўнай вычэрпваецца. Еўропа на мяжы XVI–XVII стагоддзяў першай сутыкнулася з праблемай глабальнага дэфіцыту рэсурсаў (у першую чаргу, зямлі), што і спарадзіла масавую эміграцыю ў Амерыку.
Аднак праблемы эміграцыя не вырашыла. Volens nolens, але давялося ад феадальнай (экстэнсіўнай) эканомікі пераходзіць да эканомікі капіталістычнай (інтэнсіўнай).
Але вернемся да надзей, якія былі спароджаныя расійскім планам «В». Яны маглі з’явіцца толькі ў культуры, што так і не пазбавілася ад дамінавання экстэнсіўнага складніку над інтэнсіўным.
Успомнім гераіню Ноны Мардюковай у фільме «Брыльянтавая рука»: «А калі не будуць браць (не прымуць нашы ўмовы) — адключым газ!» Аднак штосьці не варта блытаць з чымсьці. Адна справа — навязваць безальтэрнатыўныя рашэнні абывацелям, а іншая — кансалідаванаму Захаду. Тут як гукнецца, так і адгукнецца.
Захаду не прывыкаць. Ён не ў першы раз сутыкаецца са спробамі шантажу з боку экспарцёраў сыравіны. Дастаткова згадаць каўчукавую ліхаманку на мяжы XIX–XX стагоддзяў. Аднак кожны раз вызваленне ад сыравіннай залежнасці адбывалася за кошт тэхналагічных рашэнняў. Расійскі шантаж не стаў выключэннем.