Беларусь лідзіруе па росце цэн на тэрыторыі былога СССР

Беларусь заняла першае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені—жніўні 2016 года, нягледзячы на зафіксаваную ў апошні месяц лета дэфляцыю, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі.

get_img_10.jpg


За восем месяцаў спажывецкія цэны ў краіне павялічыліся на 7,6%. Далей ідуць Азербайджан (6,4%), Казахстан (5,4%), Таджыкістан, Украіна (па 4,5%), Расія (3,9%), Эстонія (1,9%) і Латвія (0,2 %). Цэны знізіліся ў Літве (на 0,2%), Грузіі (на 0,6%), Малдове (на 1,3%), Кыргызстане (на 2,7%) і Арменіі (на 3,8%). У Туркменістане і Узбекістане абнародаваная інфармацыя за першае паўгоддзе (рост цэн склаў адпаведна 0,43% і 2,5%). У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся за студзень—жнівень на 1,38%.
Па выніках студзеня Беларусь была трэцяй па росце цэн (1,9%), студзеня—лютага — другой (4,8%), першага квартала — другой (5,7%), студзеня—красавіка — другой (6,4%) , студзеня—мая — першай (7%), першага паўгоддзя — першай (7,4%), студзеня—ліпеня — першай (7,8%).
У жніўні 2016 года Беларусь са зніжэннем цэн на 0,1% заняла сёмае месца пасля Латвіі (дэфляцыя 0,7%), Арменіі, Літвы (па 0,5%), Кыргызстана, Малдовы (па 0,4%) і Украіны (0,3%). Цэны не змяніліся ў Расіі, выраслі ў Эстоніі (на 0,1%), Казахстане (на 0,2%), Грузіі (на 0,4%), Азербайджане (на 0,5%) і Таджыкістане (на 0,8 %).
Па росце цэн у студзені—жніўні 2015 года (на 7,8%) Беларусь заняла чацвёртае месца на тэрыторыі былога СССР.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН