Беларусь: што, як і за колькі
Беларусь, як ні дзіўна, добра прадстаўленая ў інтэрнэце. На партале Booking.сom можна замовіць гатэлі і матэлі, tripadvisor.ru падкажа, дзе паесці, ekskursii.by забяспечыць культурную праграму.
Нельга не адзначыць афіцыйны сайт краіны — belarus.by. Гэта, бадай, найлепшы з афіцыйных сайтаў, значная частка яго прысвечаная турызму.
Мы вырашылі падлічыць, колькі будзе каштаваць замежніку падарожжа ў Беларусь. Мы разлічвалі падарожжа на дваіх і склалі своеасаблівы каштарыс гэтай вандроўкі.
Брэст. Не толькі крэпасць
У 4-зоркавым «Hermitage Гатэль» двухмесны нумар за ноч — ад 200 рублёў (новых). Ёсць зніжкі, пакой можна замовіць за 184 рублі. 3-зоркавая «Энергія» — 127 рублёў. Такая ж «Веста» — 137.
Шмат «гасцявых пакояў» — 209 прапаноў. Кошты не кусаюцца. Хостэл або апартаменты — ад 24,25 новых рублёў. Можна прыстойна пераночыць за 40–70 рублёў.
Паглядзець: вядома, Брэсцкую крэпасць. Але ў горадзе ёсць шмат рамантычных фішак. Напрыклад, скульптурная кампазіцыя «Стары горад» («Закаханыя каты»). У парку інтэрнацыяналістаў можна пакарміць вавёрак, а на пешаходнай вуліцы запальвае і гасіць старадаўнія ліхтары ліхтаршчык. Кажуць, калі патрымацца за гузік на яго форме і загадаць жаданне, яно абавязкова здзейсніцца.
У Брэсцкай вобласці ёсць яшчэ музей-сядзіба «Пружанскі палацык», палац Сапегаў у Ружанах, камянецкая Белая вежа, сядзіба Нямцэвічаў у Скоках…
Экскурсіі: «Брэст і Брэсцкая крэпасць» — 155,32 BYN з чалавека, «Брэсцкая крэпасць — Белавежская пушча» — 159,22 BYN. «Архіпелаг Сапегаў (Cлонім—Ружаны—Зэльва)» — 129,96 BYN з чалавека.
Паесці: харчэўня «Сваякі». «Беларускі інтэр’ер, беларуская кухня, нядорага». «Багацце нацыянальных страў, беларускі інтэр’ер», — адзначаюць наведвальнікі на tripadvisor.ru. «ФрыДом» — беларускі фастфуд. Наведвальнікаў дзівіць «дранікбургер». Дэмакратычныя кошты. Рэстаран «Хата ў Задворцах» — беларускія стравы, добры інтэр’ер, нацыянальны стыль, прыемныя кошты.
Віцебск. Шагал
У 4-зоркавым гасцінічным комплексе «Лучоса» двухмесны нумар — усяго за 90,93 BYN. Гатэль «Эрыдан» (тры зоркі) — 109,11 BYN. У 3-зоркавым «Залатым цяляці» нумар 64,66 BYN, а са зніжкай — 50,52 BYN. Гатэль «Ветразь» — 55,85 BYN.
Па Віцебску і вобласці сто варыянтаў — ад 28,29 BYN у хостэлах да 50–60 BYN у апартаментах.
Віцебск — гэта перш за ўсё Шагал: Дом-музей Марка Шагала і ягонага імя арт-цэнтр. Варта зайсці ў Мастацкі музей: тут знаходзіцца самая вялікая ў свеце калекцыя твораў Іегуды Пэна. У 16 кіламетрах ад Віцебску — сядзіба Рэпіна «Здраўнёва», якую той выкупіў на грошы, атрыманыя ад продажу карціны «Запарожскія казакі пішуць ліст турэцкаму султану». Сядзібны дом перабудаваны па малюнках мастака.
Экскурсіі: «Віцебск — горад Марка Шагала» — 134,52 BYN з чалавека, «Віцебск — Здраўнёва» — 136,52 BYN.
Паесці: рэстаран «Васількі» — выдатнае абслугоўванне, прымальныя кошты, смачна, нядорага. Амаль усё — народная беларуская кухня. «Віцебская Карчма» — установа вышэй сярэдняга і па цэнах, і па стравах, і па абслугоўванні, столік на верандзе лепш браніраваць загадзя. У меню ёсць «дранбургеры». «Сядзіба» — добрае размяшчэнне, беларуская кухня, нацыянальны стыль.
Гродна. Замкі і палацы
4-зоркавы «Нёман» — 163,67 BYN, цана са зніжкай 145,49 BYN. «Кронан Парк Гатэль» — BYR 297 BYN. 3-зоркавы «Гатэль Сямашка» — 288,94 BYN.
У адным з самых прапіяраных турыстычных гарадоў толькі 83 варыянты размяшчэння. У цэлым апартаменты ад 50 да 80 BYN.
Паглядзець: Каложская царква XII стагоддзя. Комплекс Фарнага касцёлу, з аптэкай-музеем лічыўся самым раскошным у Рэчы Паспалітай. На ім — самы стары дзеючы гадзіннік у Еўропе з унікальным маятнікавай механізмам XII–XIV стагоддзяў.
Мабыць, больш нідзе няма такой колькасці замкаў, як у Гродзенскай вобласці: Лідскі замак, Гальшанскі, Крэўскі, Любчанскі, Навагрудскі, Мірскі... Для аматараў эстэтыкі — Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку, сядзіба Агінскіх у Залессі, Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх (дакладна паўтарае абрысы палаца Малы Трыанон у Версалі).
Экскурсіі: «Гродна — горад літоўскіх князёў і польскіх каралёў» — 144,52 BYN з чалавека. «Гродна — Аўгустоўскі канал» — 163,52 BYN, «Шляхам замкаў (Мір—Наваградак—Ліда)» — 119,12 BYN
Паесці: «Замак Зеваны» — рэстаран шляхецкай кухні. Суадносіны цана/якасць ідэальная. У меню — мяса лася і зубра. Але знаходзіцца ў 10 хвілінах язды ад горада. «Наша кава» — невялікая і камфортная кавярня на вуліцы Замкавая па дарозе ад плошчы Савецкай да гродзенскіх замкаў. Кошты сярэднія, якасць высокая. Рэстаран «Карчма» — у цэнтры горада, стравы беларускай кухні, «старабеларуская гарбата». Ежа на дваіх — 25 BYN. Заказ нясуць доўга, да 50 хвілін.
Гомель. «Зона»
4-зоркавы «Парк-Гатэль Замкавы» — 121,24 BYN (нумар з дзіцем), 161,65 BYN — двухпакаёвы без дзіцяці. 3-зоркавыя: «Турыст» — 60,62, са зніжкай — 52,54. «Парадыз» — 55,37. Amaks Vizit Hotel — 50,52. «Прэстыж» — 88,40. «Віла Ружа» — 121,24 BYN.
Гатэлі «без зорачак» здаюць пакоі па кошце хостэлаў. Гасцініца ГОЦОР па гульнявых відах спорту — 34 BYN, Hotel Oktyabrskaya — 34,35. Ёсць 76 апартаментаў і хостэлаў ад 40 да 60 рублёў.
Паглядзець: фішка Гомеля — палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў. Менавіта «ансамбль», паколькі сам па сабе парк — збор батанічнай экзотыкі, якая нейкім цудам расце на паветры. Пасля яго наведвання вы паверыце, што ў нас і бананы могуць вырошчваць. Па парку шмыгаюць вавёркі, якіх можна карміць, а ў Лебядзінай сажалцы — лебедзі, якіх карміць нельга. Для аматараў «мілітары» — музей ваеннай славы з пляцоўкай-выставай тэхнікі і музей крыміналістыкі, дзе можна нават паўдзельнічаць у экспертызе па раскрыцці злачынства.
У вобласці — знакаміты Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый, вёска Юравічы са стаянкай старажытнага чалавека (25 тысяч гадоў таму!), Юравіцкі Свята-Раства-Багароднічны манастыр і Тураў. Турыстычныя маршруты рэгіёна падкасіў Чарнобыль, але ў горадзе ёсць афіцыйныя «сталкеры», якія могуць правесці легальную экскурсію ў зону адсялення.
Экскурсіі: «Гомель» — 140,12 BYN, «Гомель—Ветка» — 143,02 BYN, «Старажытны Тураў» — 126,32 BYN з чалавека.
Паесці: рэстаран «Бацькі». Самаабслугоўванне (набіраеш ежу на паднос). Нядрэнны даступны рэстаран хуткага харчавання. Карчма «Будзьма»: вельмі смачна, вялікія порцыі, але кошты вышэй, чым у сярэднім па Гомелі. «Загарадная Карчма Будзьма» — 10 кіламетраў ад Гомеля, аднак сапраўдная беларуская кухня і каларыт.
Магілёў. Храмы
4-зоркавых гатэляў не знайшлося. 3-зоркавы «Турыст» — 54,56 BYN. «Gubernskaya Hotel» — 141,4 4 м. Апартаменты ад 46 да 90 BYN.
Паглядзець: Магілёўская ратуша, адноўленая ў 2008 годзе. На вежу можна падняцца і паслухаць трубача, які тройчы ў дзень грае фанфары і распавядае пра падзеі з гісторыі месца. Будынак Магілёўскага драмтэатра ў псеўдарускім стылі. У астатнім Магілёў — горад храмаў. Сабор Трох Свяціцеляў, Кафедральны сабор святога Станіслава, Свята-Нікольскі манастыр. Цікавы Магілёўскі мастацкі музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, працамі якога захапляўся Ілля Рэпін.
У вобласці Быхаўскі замак, Палацава-паркавы комплекс у Жылічах (у XIX стагоддзі быў сярод самых вядомых і раскошных рэзідэнцый нароўні з комплексамі ў Нясвіжы і Міры), Мсціслаў з унікальнай архітэктурай ХVII–ХХ стагоддзяў, Бабруйск.
Экскурсіі: «Мсціслаў—Пустынкі» — 140,12 BYN, «Магілёў — Буйніцкае поле» — 110,12 BYN, «Такі да — гэта Бабруйск» — 95,38 BYN.
Паесці: няма беларускай кухні! Харчоўні італьянскія, кітайскія, турэцкія, балгарскія… Адметна беларускага на tripadvisor.ru — не знайшлі. Можа, кепска шукалі?
Мінск. Што заўгодна
668 прапаноў, шэсць 5-зоркавых гатэляў, пяць — 4-зоркавых і 17 3-зоркавых. Нумар у «Прэзідэнт-гатэлі» на дваіх — 240,45 BYN самы танны. Ёсць і за 875 на дваіх «з адным вялікім двухспальным ложкам». У 3-зоркавых гатэлях кошты — ад 86 («Арэна Мінск») да 186 BYN («Манастырскі»).
Для бюджэтнага адпачынку можна знайсці хостэлы і апартаменты ад 30 да 70 BYN.
Паглядзець: Траецкае прадмесце, Лошыцкі парк. У Мінску — каля 40 праграм для пешаходных і аўтобусных экскурсій ад тураператараў.
Экскурсіі: «Мінск — Нацыянальная бібліятэка» — 42,64 BYN. «Аглядная экскурсія па Мінску» — 41,90 BYN. «Пешаходная экскурсія па Мінску» — 31,22 BYN. «Храмы Мінска» — 45,20 BYN. «Мінск і Дудуткі» — 85,48 BYN. «Піваварны завод Аліварыя» (з дэгустацыяй) — 42,64 BYN.
Паесці: «Васількі» — безумоўны фаварыт па беларускіх стравах. Не саступае «Камянiца»: традыцыйная беларуская кухня, гатуюць вельмі смачна, порцыі вялікія: «Унікніце, 700 грамаў — порцыя дранікаў! Я з аднаго, ледзь не лопнуў, а іх там тры!» — водгук на tripadvisor.ru. Кошт на траіх з віном у межах 3 500 расійскіх рублёў (каля $50). «Грунвальд»: беларускі боршч і дранікі (па 2 порцыі) — амаль 50 BYN на дваіх. Смачныя недарагія сняданкі (каля 24 BYN беларускіх на траіх). Ежа смачная, порцыі паўнавартасныя. «У Францыска»: цэны крыху вышэй, але гэта апраўдваецца менавіта беларускай, а не сярэднееўрапейскай кухняй. Сярэдні чэк $15–25 з чалавека.