Беларусь закупіла першую партыю нафты з Ірана
Беларусь упершыню набыла партыю нафты ў Ірана, паведамілі Reuters чатыры інфармаваных крыніцы.
Дзяржкампанія «Беларуснафта», па дадзеных суразмоўцаў агенцтва, закупіла ў Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі (NIOC) 80 тысяч тон нафты (каля 600 тысяч барэляў).
Іранская нафта была закуплена праз даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» ў Польшчы, паведамляе meduza са спасылкай на Reuters. Мяркуецца, што груз будзе дастаўлены марскім шляхам у Адэсу або латвійскі Вентспілс, а адтуль па чыгунцы нафта пераправіцца ў Беларусь.
«Беларуснафта» ад каментароў з нагоды здзелкі адмовілася. У NIOC на запыт Reuters не адказалі.
Расія скараціла пастаўкі бяспошліннай нафты Беларусі на фоне неўрэгуляванай спрэчкі па даўгам нашай краіны за расейскі газ. У пачатку лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мінск падае ў суд на Расею ў сувязі са скарачэннем паставак. «Спрэчка ішла выключна па газе, яны пачалі ў парушэнне ўсіх дамоўленасцяў рэзаць нафту», — сказаў тады Лукашэнка.
У пачатку лютага іранскае агенцтва Tasnim паведамляла, што спікер іранскага парламента Алі Ларыджані заявіў падчас сустрэчы са сваім беларускім калегам Міхаілам Мясніковічам, што Іран гатовы пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь.
16 лютага былі апублікаваныя дадзеныя апытанняў УЦДГМ, згодна з якімі больш за палову расійскіх грамадзян (56 %) выступаюць супраць продажу Беларусі нафты і газу на льготных умовах.