Беларусі пагражае рэзкі рост дзярждоўгу — прагнозы ЕФСР

Згодна з прагнозамі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, Беларусі пагражае рэзкі рост дзярждоўгу

20184901_0_160_3073_1888_1920x0_80_0_0_b5cf4e2dee9b8f6d9e11ef8954472f3b.jpg

Вынікі мадэлявання, праведзеныя Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, паказваюць, што ў выпадку матэрыялізацыі рызык дзярждоўг можа павялічыцца ў 2022 годзе амаль да 61% ВУП у параўнанні з прагназаваным у базавым сцэнары узроўнем 46% ВУП, паведамляе газета «Беларусы и рынок».

"У сярэднетэрміновай перспектыве дзяржаўны доўг застанецца на ўзроўні вышэй за 61% ВУП", — гаворыцца ў матэрыялах ЕФСР, піша Інтэрфакс.

Фонд апублікаваў новы працоўны дакумент, у якім аналізуюцца патэнцыйныя рызыкі рэалізацыі прамых і ўскосных умоўных абавязацельстваў і іх уплыў на бюджэтныя і даўгавыя пазіцыі 4 краін — Арменіі, Беларусі, Кыргызстана і Таджыкістана — атрымальнікаў сродкаў ЕФСР. Беларусі спатрэбяцца новыя значныя пазыковыя рэсурсы. "Аднак ва ўмовах абмежаванай міжнароднай падтрымкі і амаль закрытага доступу да рынкаў капіталу Беларусь можа сутыкнуцца з сур'ёзнымі рызыкамі плацежаздольнасці і ліквіднасці", — адзначаецца ў публікацыі.

Паводле ацэнкі ЕФСР, у Беларусі доўг, гарантаваны дзяржавай, вырас з 5,6% ВУП на пачатак 2020 года да 7% ВУП на пачатак 2021 года, і цяпер ён адпавядае 14% агульнай сумы дзяржаўных абавязацельстваў. Па стане на канец 2020 года доля знешніх гарантый складала каля 44% агульнага аб'ёму дзяржгарантый па пазыках кампаній. Асноўная доля дзяржгарантый прыпадае на прампрадпрыемствы — 55 %, транспартныя кампаніі — 7% і прадпрыемствы энергетыкі — 11 %.

Дзяржаўная запазычанасць Беларусі на 1 верасня склала 57,2 млрд беларускіх рублёў — і скарацілася за восем месяцаў на 0,6 млрд рублёў, або на 1,1%. У тым ліку знешні дзярждоўг склаў 18,3 млрд долараў, скараціўшыся за студзень-жнівень на 1,5%. Унутраны дзярждоўг (асноўны аб'ём сфарміраваны ў замежнай валюце) на 1 верасня быў роўны ў эквіваленце 11,3 млрд рублёў (каля 4,7 млрд долараў), павялічыўшыся за студзень-жнівень на 14,3%.