Беларуская нафта. Ці выпампавалі яе ўсю ў савецкія гады?
З падрыхтаваных да распрацоўкі радовішчаў яшчэ можна атрымаць больш за 50 млн тон нафты. Гэтых аб'ёмаў Беларусі хопіць прыкладна на 30 гадоў.

Нядаўна на нафтавай мапе Беларусі з'явілася новае радовішча. Яно знаходзіцца ў Прыпяцкім прагіне і атрымала назву Вугальскае.
«Падчас выведкавага свідравання Вугальскай падсолевай структуры пошукавая свідравіна №1— Вугальская з глыбінёй 5218 м пры засваенні сямілукскага гарызонту дала прыток нафты з газам дэбітам каля 39,5 т у суткі. Нафту Вугальскага радовішча адносіцца да катэгорыі цяжкадаступных запасаў. Яна знаходзяцца на вялікай глыбіні і ў нізкапранікнёным калектары. Станоўчым фактарам для распрацоўкі стане анамальна высокі пластавы ціск», — паведамляе дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта».
Геалагічныя запасы новага радовішча ацэньваюцца ў 1 млн 695 тысяч тон нафты. Вымаемыя запасы будуць вызначаны пазней.
«Толькі пасля бурэння другой свідравіны можна будзе казаць аб выманых. Сёння мы пакуль гаворым толькі аб геалагічных», — паведамілі ў ДВА «Беларуснафта».
Як правіла, выманыя запасы нафты менш геалагічных. Да прыкладу, геалагічныя запасы нафты на адкрытых у 2013 годзе Шумяцічскім і Карташоўскім радовішчах, дзе нафту залягае на глыбіні 4-4,5 км, складаюць 775 тысяч тон і 1 млн 116 тысяч тон нафты, адпаведна. А выманыя запасы — 323 тысячы тон і 503 тысячы тон нафты, адпаведна.
Варта адзначыць, што акрытыя ў апошнія гады радовішчы невялікія. Самыя буйныя запасы нафты за ўсю гісторыю Беларусі былі выяўленыя яшчэ ў савецкія часы ў Рэчыцкім і Асташковіцкім радовішчах. Выманыя запасы ў гэтых радовішчах складаюць прыкладна па 40 млн тон, але большая іх частка ўжо распрацаваная.
«Безумоўна, у апошнія гады былі адкрыты не самыя вялікія радовішчы. Але варта ўлічваць, што кошт выманых запасаў на кожным з іх складае па некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў», — распавёў начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Мамчык.
Так, паводле яго слоў, кошт запасаў адкрытага ў 2015 годзе Паўднёва—Шацілкаўскага радовішча, паводле папярэдніх падлікаў, складае каля 100 млн даляраў.
У свой час Аляксандр Лукашэнка выказваў шкадаванне, што ў савецкія гады Беларусь здабывала занадта шмат нафты.
«Мы настолькі былі сумленнымі і справядлівымі (...), што мы выпампоўвалі ўсё — дзеля зорачкі на лацкане, дзеля чагосьці. Ну хто нас тады гнаў у шыю пампаваць з нашых нетраў па 9 млн тон з лішнім нафты штогод? Навошта? (...) Сёння з напругай крыху больш за 1,5 млн тон толькі можам здабыць. А калі б у нас сёння было нашых тых 9 млн тон, кланяліся б мы каму — то пры нашай унутранай патрэбе менш як 7 млн тон? Мы б жылі, нікому не кланяючыся, і жылі б выдатна», — заяўляў кіраўнік Беларусі ў 2014 годзе, звяртаючыся са штогадовым пасланнем да Нацыянальнага сходу і беларускага народа.
Лукашэнка практычна не памыліўся з лічбамі. Па дадзеных «Беларуснафты», максімальны ўзровень здабычы быў дасягнуты ў 1975 годзе і склаў 7,96 млн тонаў. Зараз жа ў Беларусі штогод здабываецца 1,64 млн тон нафты.
У распрацоўцы знаходзіцца 59 з 82 адкрытых радовішчаў. Мэтазгоднасць асваення залежыць у першую чаргу ад эканамічных фактараў, але ў цэлым здабываць нафту ў Беларусі выгадна.
«Частка радовішчаў па ўмовах здабычы часова закансерваваныя, але ў цэлым эканамічныя паказнікі станоўчыя нават пры такіх нізкіх цэнах на нафту, якія назіраліся ў нядаўнім мінулым», — адзначае Сяргей Мамчык.
Усяго ў Беларусі яшчэ можна атрымаць з нетраў больш за 50 млн тон нафты на падрыхтаваных да распрацоўкі радовішчах. З улікам штогадовага аб'ёму здабычы нафты ў Беларусі выманых запасаў нам хопіць на 30 гадоў. Але ёсць яшчэ прагнозныя плошчы, над якімі працуюць геолаговыведнікі. Нафтаперспектыўнымі спецыялісты лічаць Аршанскую і Падляска-Брэсцкую нафтавыя вобласці.
Паводле naviny.by