Беларусы працягваюць забіраць грошы з банкаў: як валюту, так і рублі

Беларусы працягваюць забіраць грошы з рублёвых, так і з валютных дэпазітаў. Пра гэта сведчаць звесткі Нацбанка аб шырокай грашовай масе на 1 лістапада 2020 года. На пачатак лістапада ў параўнанні з пачаткам года аб’ём рублёвых дэпазітаў фізічных асоб скараціўся на 589 мільёнаў рублёў, валютных — амаль на 1,5 мільярда долараў.

picture2_gosstat_zafiksiro_353605_p0.jpg


На 1 лістапада агульная сума рублёвых дэпазітаў фізічных асоб склала 4 мільярды 542,4 мільёна рублёў. У параўнанні з папярэднім месяцам гэтая сума скарацілася на 33,9 мільёна рублёў, у параўнанні з пачаткам года — на 589 мільёнаў. Аб’ём рублёвых дэпазітаў зніжаецца кожны месяц пачынаючы з чэрвеня, рэкордным скарачэнне было ў жніўні — на 270,8 мільёна рублёў, перадае FINANCE.TUT.BY.

На валютных дэпазітах фізічных асоб, паводле звестак на 1 лістапада, было 4 мільярды 740,5 мільёна долараў. У параўнанні з папярэднім месяцам іх агульная сума паменшылася на 103 мільёны долараў, з пачаткам года — на 1 мільярд 475,8 мільёна долараў.

Сёлета беларусы кожны месяц працягвалі здымаць грошы з валютных дэпазітаў. Самы буйны адток дэпазітаў быў у жніўні — 416,2 мільёна долараў. За чэрвень валютныя ўклады зменшыліся на 132,2 мільёна долараў, за травень — на 70,8 мільёна долараў, за красавік — на 193,5 мільёна долараў, за сакавік — на 140,3 мільёна долараў, за люты — на 26,1 мільёна, за студзень — на 17,5 мільёна долараў.

Акрамя ўкладаў працягваюць скарачацца і пераводныя дэпазіты (да іх адносяцца рэшткі на разліковых і бягучых рахунках, то-бок на картках). На 1 лістапада аб’ём рублёвых пераводных дэпазітаў фізічных асоб у рублях склаў 2 мільярды 731,5 мільёна рублёў. Гэта на 25,8 мільёна рублёў менш, чым месяцам раней, і на 299 мільёнаў рублёў менш, чым у пачатку года. Аб’ём пераводных дэпазітаў у валюце на 1 лістапада быў роўны 1 мільярду 167 мільёнам долараў. У параўнанні з пачаткам года — скараціўся на 154,7 мільёна долараў.