Дробненькая помста. Лукашэнка пазбавіў грашовага ўтрымання мяцежных паслоў
Лукашэнка сваім указам адмовіў у штомесячным грашовым утрыманні асобам, пазбаўленым дыпламатычнага рангу. Дакумент, падпісаны 16 лістапада, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Указам уносяцца змяненні ва ўказ «аб штомесячным грашовым утрыманні асобных катэгорый дзяржаўных служачых», які прадугледжвае выплату спецыяльнага грашовага ўтрымання замест пенсіі для вышэйшых дзяржчыноўнікаў. Яны могуць разлічваць на сумы ад 65 да 75% ад заробку, паведамляе REFORM.by.
Цяпер у іх лік не будуць уключацца, акрамя асобаў, што пераступілі закон або дыскрэдытавалі сябе на службе, асобы, пазбаўленыя класнага чыну, кваліфікацыйнага класа, дыпламатычнага рангу, персанальнага звання, воінскага (спецыяльнага) звання.
Лукашэнка таксама зможа проста адмовіць ім у выплаце штомесячнага грашовага ўтрымання.
Яшчэ адна магчымасць пазбавіцца ўтрымання — смерць.
Да ўступлення ўказа ў сілу ўтрыманне будзе выплачвацца, калі не прынята рашэнне аб пазбаўленні дзяржаўнага служачага права на атрыманне штомесячнага грашовага ўтрымання.
Пасля масавых пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і беспрэцэдэнтнай жорсткасці сілавікоў адразу некалькі беларускіх амбасадараў, работнікаў МЗС і іншых чыноўнікаў выказалі сваю нязгоду і сышлі ў адстаўку. Латушка, Ляшчэня, Маркавіч, Астапенка, Пуставой былі пазбаўленыя рангу амбасадараў.