Беларусы працягваюць забіраць грошы з дэпазітаў

У Нацбанку распавялі, колькі грошай беларусы "вынеслі" з банкаў за апошнія 3 месяцы

puzzle_2500328_1280.jpg


З пачатку года агульная сума укладаў фізічных асоб у рублях, па дадзеных Нацбанка, скарацілася на 596,4 млн рублёў, у валюце — на 1 мільярд 547,9 мільёна долараў. У трэцім квартале жыхары краіны закрылі амаль 180 тысяч укладаў, у выніку чаго іх агульная колькасць скарацілася на 10%, піша TUT.BY.
Паводле звестак Нацбанка, рублёвыя дэпазіты беларусаў на 1 снежня склалі 4 мільярды 535 мільёнаў рублёў. Іх зніжэнне замарудзілася: за месяц уклады ў рублях скараціліся на 7,4 мільёна рублёў, з пачатку года — на 596,4 мільёна рублёў. Аб'ём рублёвых дэпазітаў зніжаецца кожны месяц пачынаючы з чэрвеня, рэкордным скарачэнне было ў жніўні — на 270,8 мільёна рублёў.
Дэпазіты фізічных асоб у валюце таксама працягваюць зніжацца. На 1 снежня яны склалі 4 мільярды 668,4 мільёна долараў. За лістапад іх агульны аб'ём зменшыўся на 72,1 млн долараў, з пачатку года — на 1 мільярд 547,9 мільёна долараў. Сёлета беларусы кожны месяц працягвалі здымаць грошы з валютных дэпазітаў. Самы буйны адток дэпазітаў быў у жніўні — 416,2 мільёна долараў.
Паводле звестак на 1 снежня, пераводныя дэпазіты фізічных асоб (да іх належаць рэшткі на разліковых і бягучых рахунках) склалі 2 мільярды 640,7 мільёна рублёў і 1 мільярд 176,3 мільёна долараў. Пераводныя дэпазіты ў рублях у лістападзе скараціліся на 90,8 мільёна рублёў (з пачатку года — на 389,8 мільёна рублёў), у валюце — прыраслі на 6,6 мільёна долараў (з пачатку года — знізіліся на 148,1 мільёна долараў).

За тры месяцы беларусы закрылі амаль 180 тысяч укладаў

Акрамя гэтага Нацбанк падлічыў, колькі грошай беларусы захоўваюць на адзыўных і безадзыўных дэпазітах. На 1 кастрычніка, па даных абследавання «Ведай свайго кліента», на адзыўныя ўклады даводзілася ледзь менш за трэць агульнай сумы укладаў (31,6%). На той момант гэта было 5,56 мільярдаў рублёў. За трэці квартал адзыўныя ўклады зменшыліся на 11,9% , або на 753 мільёны рублёў. Безадзыўныя ўклады складалі прыкладна дзве траціны ад агульнага аб'ёму ўкладаў, гэта 12,06 мільярда рублёў. За трэці квартал яны скараціліся на 3,7%, або на 467 мільёнаў рублёў.
На 1 кастрычніка адзін укладчык у сярэднім захоўваў у банках 11 080 рублёў (ва ўсіх валютах ва ўсіх банках). За трэці квартал гэтая сума вырасла на 4,1% , або на 430 рублёў. На адзыўных дэпазітах ляжала ў сярэднім па 1430 рублёў (рост за трэці квартал склаў 21%) і 5490 долараў (зніжэнне за трэці квартал — 8,1%) на кожнага ўкладчыка. На безадзыўных укладах ляжала ў сярэднім па 8130 рублёў (рост на 3,7%) і 7840 долараў (зніжэнне на 1,1%).
Амаль дзве траціны ўсіх банкаўскіх укладаў (63,4%) належыць жанчынам. Сярэдняя сума аднаго "жаночага" дэпазіту складае 10,4 тысячы рублёў, "мужчынскага" — 12,5 тысяч. Пры гэтым 50,4% дэпазітаў мужчын прыпадае на ўкладчыкаў старэйшыя за 60 гадоў, а 55,8% дэпазітаў жанчын — на ўкладчыкаў старэйшых за 55.
Агульная колькасць рахункаў, адкрытых укладчыкамі, на 1 кастрычніка склала 1 589 939. За трэці квартал яна зменшылася на 10,1%, або на 179 471 уклад.