Беларусы сталі эканоміць: узровень спажывання знізіўся з эканамічных і палітычных прычын

Тлустыя гады скончыліся, насельніцтва стала эканоміць. Аб'ёмы рознічнага тавараабароту ў 2021 годзе не дацягваюць нават да ўзроўню папярэдняга года, і перадумоў для павелічэння ўнутранага попыту пакуль не відаць, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У Беларусі па 2019 год уключна на тле павелічэння заробкаў і высокіх тэмпаў спажывецкага крэдытавання рознічны тавараабарот, які адлюстроўвае спажывецкую актыўнасць насельніцтва, рос даволі хутка.
Аднак летась сітуацыя прынцыпова змянілася, падкрэслівае агенцтва. Тэмпы росту рознічнага тавараабароту пастаянна запавольваліся, паводле вынікаў года паказнік вырас усяго на 1,8%, а ў студзені сёлета ў параўнанні са студзенем мінулага года нават знізіўся на 0,9%.
«Прычын скарачэння ўнутранага попыту некалькі, — піша БелаПАН. — Першая — зніжаюцца рэальныя даходы, якія многія беларусы ацэньваюць у валютным эквіваленце. (...) Другая вельмі важная прычына скарачэння ўнутранага попыту — дарагія крэдыты. Партфель спажывецкіх крэдытаў банкаў з верасня мінулага года штомесяц скарачаецца і, з улікам даных за студзень гэтага года, зменшыўся амаль на 8%».
Эксперты не бачаць на сёння перадумоў для павелічэння ўнутранага попыту ў гэтым годзе.
«У бюджэце дэфіцыт, дзяржава не можа павялічваць зарплаты ў рэальным выражэнні. Эканамічныя чаканні негатыўныя, таму і камерцыйныя арганізацыі наўрад ці будуць павышаць зарплаты сваім працаўнікам, — падкрэсліў у каментары для БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. — Пры якіх умовах сітуацыя зменіцца і ўнутраны попыт пачне расці? Калі эканамічная і палітычная нявызначанасць зменяцца ў насельніцтва і прадпрыемстваў на ўпэўненасць у заўтрашнім дні».