У судовых выканаўцаў скончыліся грошы? У АПВ Брэстчыны ўводзяць рэжым жорсткай эканоміі

Блогер Антон Матолька апублікаваў у сваім тэлеграм-канале дакумент, паводле якога ў аддзелах прымусовага выканання (АПВ) Брэсцкай вобласці ўводзіцца рэжым жорсткай эканоміі.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Дакумент «Аб увядзенні рэжыму эканоміі» быў накіраваны начальнікам тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання Брэстчыны. З яго вынікае, што ў сувязі са складаным фінансавым становішчам упраўленне прымусовага выканання ўводзіць рэжым жорсткай эканоміі грашовых сродкаў тэрмінам на адзін месяц (сакавік 2021 года).

Фота: тэлеграм-канал «МотолькоПомоги»

У мэтах эканоміі прапануецца перайсці на электроннае ліставанне і выключыць накіраванне лістоў заказной карэспандэнцыяй. Забараняецца карыстацца электрачайнікамі і абагравальнікамі. Паслугі па дастаўцы і замене вады для бойлера, рамонце картрыджаў і іншай аргтэхнікі аплачвацца не будуць. Апроч таго, у сямнаццаці АПВ не будуць аплачваць паслугі Дэпартамента аховы МУС.
Як указана ў дакуменце, патрэба ў грашовых сродках па выніках працы за першы квартал 2021 года складае 873 тысячы рублёў. У студзені-лютым 2021 года тэрытарыяльным АПВ у сярэднім пералічана 621 тысяча рублёў

«У выпадку, калі дадзеных мер будзе недастаткова, галоўнае ўпраўленне юстыцыі будзе вымушана адмовіцца ад паслуг спецыялістаў па дакументацыйным забеспячэнні, узгадніўшы скарачэнне агульнай колькасці ставак да 20», — гаворыцца ў дакуменце.
На паперы пазначана прозвішча намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі — начальніка ўпраўлення прымусовага выканання Брэсцкага аблвыканкама Руслана Арцемука.