Аляксандру Кардзюкову ў СІЗА пераблыталі крымінальны артыкул
Сястра Кардзюкова 4 сакавіка наведала свайго брата ў брэсцкім СІЗА №7 і даведалася, што замест ч. 2 арт. 363 КК («Супраціў працаўніку органаў унутраных справаў») яму запісалі 364-ты артыкул («Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»).
«Гэта значыць, што Аляксандра паставілі на ўлік, цяпер усюды яго водзяць у кайданках, а на ложку вісіць таблічка, што быццам ён асабліва небяспечны злачынца. Мы не разумеем, на якім этапе такое адбылося, але Аляксандр напісаў скаргу на імя кіраўніка СІЗА. Агулам ён трымаецца добра», – распавяла «Белсату» сястра Аляксандра Марына.
Тым часам дачка забітага вайскоўцам Гаўрылавым Генадзя Шутава Анастасія Баранчук учора падала скаргу ў Вярхоўны суд. Яна патрабуе скасаваць рашэнне Брэсцкага абласнога суду, які пасмяротна вызнаў Генадзя Шутава вінаватым у супраціве сілавікам.