«Белавія» спыняе перавозку грамадзян Ірака, Сірыі і Емена на рэйсах з Турцыі ў Беларусь

«Белавія» спыняе перавозку грамадзян Ірака, Сірыі і Емена на рэйсах з Турцыі ў Беларусь, паведамляе «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Інфармацыя пра гэтае рашэнне з'явілася на афіцыйным сайце авіякампаніі:
«У адпаведнасці з рашэннем кампетэнтных органаў Турцыі, з 12.11.2021 грамадзяне Ірака, Сірыі, Емена не будуць прымацца да перавозкі на рэйсах, якія накіроўваюцца з Турцыі ў Беларусь.
Пасажыры авіякампаніі „Белавія“, якія трапляюць пад дадзеную забарону, могуць зрабіць поўнае вяртанне кошту авіябілета без утрыманняў па месцы яго набыцця», — гаворыцца ў паведамленні.
Еўрасаюз на наступным тыдні павінен увесці пяты пакет санкцый супраць улад Беларусі, які будзе скіраваны супраць тых, каго ЕС лічыць адказнымі за арганізацыю міграцыі, паведаміла агенцтва «Reuters» са спасылкай на тры дыпламатычныя крыніцы.
Сярод тых, хто трапіць пад санкцыі, — міністар замежных спраў Уладзімер Макей і дзяржаўная авіякампанія «Белавія».
Еўрасаюз таксама разглядае магчымасць пашырыць эканамічныя санкцыі, уведзеныя ў ліпені. Пад новыя санкцыі можа трапіць беларускае дзяржаўнае страхаванне.
Раней стала вядома, што авіякампанія «Turkish Airlines» абвесціць пра забарону на продаж квіткоў грамадзянам краін паходжання нерэгулярных мігрантаў, у т. л. Іраку і Сірыі, на рэйсы ў Беларусь, паведаміла польскаму агенцтву PAP дыпламатычная крыніца ў Бруселі.