Беларусь заключыла дамоў з Інданэзіяй на сотні мільёнаў долараў
Аб'ём заключаных кантрактаў паміж Беларуссю і Інданэзіяй складае сотні мільёнаў долараў, паведаміў 19 сакавіка падчас беларуска-інданэзійскага бізнэс-форуму міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
"І сёння мы выходзім на заключэнне васьмі міжурадавых пагадненняў і на падпісанне шэрагу кантрактаў, аб'ём якіх вылічаецца некалькімі сотнямі мільёнаў долараў. Ужо толькі дзеля гэтага варта было прыехаць сюды", — сказаў ён.
Так, на бізнэс-форуме было падпісана 12 дакументаў. Пагадненне аб намерах адносна паставак хлорыстага калію падпісалі "Беларуская калійная кампанія" і кампанія "Лаўтан
Луас". Заключылі мемарандумы аб супрацоўніцтве "МАЗ", "Белэксімгарант", ДНВА "Цэнтр", "МТЗ", "Белшына Азія",
"БелАЗ" з іх інданезійская партнёрамі. Таксама падпісаны кантракты на пастаўку ў Інданэзію самазвалаў МАЗ, кар'ерных самазвалаў БелАЗ, перадае БелТА.
У сваю чаргу, першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь у 2013 годзе паставіць у Інданэзію 250 тысяч тон калійных угнаенняў. Паводле яго слоў, бакі заключылі
рамачны кантракт на пастаўку калійных угнаенняў у Інданэзію на тры гады. У той жа час Беларусь і Інданэзія працягваюць дамаўляцца аб цэнах. У гэтым годзе гаворка можа ісці пра 107 млн долараў,
распавёў віцэ-прэм'ер, адзначыўшы, што "гэта не мяжа".
Беларусь таксама паставіць у Інданэзію 50 самазвалаў МАЗ, 20 кар'ерных самазвалаў БелАЗ і 20 трактароў МТЗ. А ў найбліжэйшыя тры гады ў Інданэзію паступяць яшчэ 500 самазвалаў МАЗ і каля
600 трактароў МТЗ у найбліжэйшыя два гады. Акрамя таго, бакі дамовіліся аб пашырэнні лінейкі кар'ерных самазвалаў. Калі раней у Інданэзію пастаўляліся самазвалы грузападымальнасцю 45 тон, то ў
бліжэйшы час будуць пастаўлены на 60 і 110 тон.
Да таго ж Беларусь разлічвае зарабіць на пастаўках малочнай прадукцыі ў Інданэзію 150 млн долараў. Як заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, бакі заключылі
мемарандум па ўзаемадзеянні ў галіне сельскай гаспадаркі. Гаворка ідзе аб пастаўках малочнай прадукцыі, у прыватнасці, сухога абястлушчанага малака, сыроваткі ў досыць вялікіх аб'ёмах і па
кошце, выгадным для Беларусі.
Па словах міністра, у Інданэзіі ёсць зацікаўленасць у пастаўках сметанковага масла, сыроў і іншай малочнай прадукцыі, абмяркоўваецца магчымасць адкрыцця ў Беларусі сумеснага прадпрыемства па перапрацоўцы мяса.