Беларусам хочуць забараніць куплю кітайскіх тавараў праз інтэрнэт

Ва ўрадзе абмяркоўваюць, як спыніць паток тавараў з кітайскіх інтэрнэт-крам у Беларусь. Праўда, пакуль адказ на гэтае пытанне ўлады не ведаюць. Але, як і ў выпадку з дэкрэтам аб «дармаедах», за год-другі могуць што-небудзь прыдумаць.



china1.jpg

Як піша «Ежедневник», Мінсувязі і інфарматызацыі, Міністэрства па падатках і зборах, а таксама Мытны камітэт абмяркоўваюць, як спыніць паток тавараў з кітайскіх інтэрнэт-крам у Беларусь.

Дадзеная інфармацыя ўсплыла ў рамках выставы TIBO. Асацыяцыя «Белінфакам» арганізавала круглы стол, на якім бізнес у сферы тэлекамунікацыі заклікаў дзяржаву кансультавацца з ім пры распрацоўцы нарматыўных актаў.

У адказ на заклікі прадстаўнікоў бізнесу першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко прапанаваў некалькі тэм, якія тыя маглі б дапамагчы распрацоўваць. У прыватнасці, цяпер Міністэрства сувязі ламае галаву, «як спыніць гандаль кітайскімі таварамі праз інтэрнэт».

На слушнае пытанне члена праўлення «Белінфакам», чаму яе трэба спыняць, Дзмітрый Шадко толькі паведаміў, што сам не ведае, але яго «такое даручэнне».

Пры гэтым чыноўнік патлумачыў, што пакуль у ўрада ніякіх канкрэтных планаў у гэтых адносінах няма, проста яны з калегамі з падатковай і мытні вядуць абмеркаванне, як вырашыць дадзеную праблему. Сам намеснік міністра лічыць, што з дапамогай інструментаў, якія ёсць у руках у яго міністэрства, спыніць пастаўкі кітайскіх тавараў немагчыма.

У выніку ўдзельнікі круглага стала прызналіся, што ў пытанні паставак замежных тавараў яны некампетэнтныя і наўрад ці дапамогуць Міністэрству сувязі.

Нагадаем, «упарадкаваць» пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах пагражала раней Мінгандлю. Ведамства выказвала занепакоенасць, што замежныя інтэрнэт-крамы забіраюць частку абароту ў айчынных вытворцаў.

Тым часам Белпошта засакрэціла апошнія дадзеныя па пасылку з Кітая.

Дарэчы, па дадзеных даследавання ТUT.BY, кожны трэці сеткавы пакупнік з Беларусі робіць онлайн-замовы кітайскіх тавараў.