Беларусь заняла першае месца па росце афіцыйнага курсу долара
На 48,01% (з 11.850 да 17.539) вырас афіцыйны курс долара да беларускага рубля ў студзені—жніўні гэтага года.
Гэта першы паказчык на тэрыторыі былога СССР (у студзені — рост на 29,96%, першае месца; у студзені—лютым — на 25,65%, трэцяе месца; у першым квартале — на 24,39%, трэцяе месца; у студзені—красавіку — на 22,11%, пятае месца; у студзені—маі — на 25,65%, трэцяе месца; у першым паўгоддзі — на 29,50%, трэцяе месца, у студзені—ліпені — на 28,45%, трэцяе месца).
У першую пяцёрку ўваходзяць таксама Украіна — 34,35% (з 15,768556 да 21,185441 грыўны), Азербайджан — 33,61% (з 0,7844 да 1,048 маната), Казахстан — 30,33% (са 182,35 да
237,66 тэнге) і Грузія — 25,91% (з 1,8636 да 2,3465 лары). Далей ідуць Туркменістан — 22,81% (з 2,85 да 3,50 маната), Малдова — 22,37% (з 15,6152 да 19,1087 лея),
Таджыкістан — 19,16% (з 5,3079 да 6,3248 самоні), Расія — 18,17% (з 56,2584 да 66,4779 рубля), Кыргызстан — 10,54% (з 58,8865 да 65,0953 сома), Літва — 8,47% (з
0,8221 да 0,8917 еўра), Латвія, Эстонія — па 8,43% (з 0,8224 да 0,8917 еўра), Узбекістан — 7,15% (з 2.422,40 да 2.595,52 сума) і Арменія — 1,64% (з 474,97 да 482,77
драма).
У самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы, якая мае ўласную фінансавую сістэму, курс не змяніўся (11,10 рубля).
У жніўні афіцыйны курс долара ў Беларусі вырас на 15,23% — другі паказчык на тэрыторыі былога СССР пасля Казахстана (26,79%). Далей размясціліся Расія (12,69%), Кыргызстан (6,68%), Грузія
(2,95%), Малдова (1,87%), Таджыкістан (1,03%), Арменія (0,94%) і Узбекістан (0,79%). У Туркменістане курс не змяніўся, у Азербайджане — знізіўся на 0,14%, ва Украіне — на 1,97%, у
Латвіі, Літве і Эстоніі — на 2,20%.
У 2014 годзе Беларусь заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР па тэмпах росту афіцыйнага курсу долара да нацыянальнай валюты (на 24,61%), у 2013-м — другое (на 10,97%), у 2012-м
— чацвёртае (на 2,63%), у 2011-м — першае (на 178,33%), у 2010-м — сёмае (на 4,79%), у 2009-м — першае (на 30,14%), у 2008-м — дзявятае (на 2,33%).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН